Спадчына

«Доктар, які мае надзею». 7 фактаў пра Людвіка Заменгофа, што варта ведаць гродзенцам

Дзень 15 снежня — важная дата для эсперантыстаў усяго свету. Гэта дзень народзінаў Людвіка Лазара Заменгофа, які стварыў мову эсперанта. Да Гродна ён мае непасрэдныя адносіны, бо жыў і працаваў тут з 1893 па 1897 год. Разам з сям’ёй Заменгоф здымаў кватэру ў доме № 5 па вуліцы Паліцэйскай (зараз Кірава).

Затрымацца ў Гродне надоўга не дазволіла фінансавае становішча. Заменгоф казаў, што «горад быў такім бедным, што акуліст ніколі не здолеў бы павялічыць там свае даходы». Затое падчас гродзенскага перыяду жыцця Заменгоф пераклаў на эсперанта шэкспіраўскага «Гамлета», а таксама аповесць «Марта» Элізы Ажэшкі.

У дзень народзінаў Лазара Заменгофа ўзгадаем 7 цікавостак з яго жыцця.

1. Дзе ў Гродне можна ўзгадаць пра Заменгофа

У Гродне імя Людвіка Лазара Заменгофа ўшанавана ў назве вуліцы ў мікрараёне Паўднёвым. На доме на Кірава, 5, дзе ён жыў, ёсць мемарыяльная шыльда. Вінны бар, што месціцца на першым паверсе будынка, мае назву «Эсперанта», а бізнес-цэнтр называецца «Заменгоф».

2. Ад дзяцінства быў білігвам

Людвік Заменгоф нарадзіўся 15 снежня 1859 году ў Беластоку, у яўрэйскай сям'і. Ягоны бацька Марк Заменгоф працаваў школьным настаўнікам, быў чалавекам ліберальных поглядаў, прыхільнікам руху «Хаскала» за інтэграцыю яўрэйства ў еўрапейскую супольнасць — за тое, каб быць яўрэем дома, а еўрапейцам па-за домам. Маці Людвіка — Разалія — была больш традыцыйнай і рэлігійнай. У сям'і размаўлялі пераважна на ідыш. Другой мовай была расійская, бо была дзяржаўнай.

Бацькі Людвіка — Марк і Разалія Заменгофы

3. У 10 гадоў напісаў п’есу пра мовы

Беласток часоў дзяцінства Людвіка Заменгофа меў каля 20 тысячаў жыхароў, але імкліва павялічваўся. Сюды пераносілі сваю вытворчасць і бізнес прадпрымальнікі, якія былі арыентаваныя на расійскі рынак. Тут, пры продажу тавараў у Расію, не трэба было плаціць мытныя падаткі. Горад хутка зрабіўся сапраўдным Вавілонам. Тут размаўлялі па-руску, па-польску, на ідыш, па-беларуску (па-нашаму, па-тутэйшаму), па-нямецку. Малы Людвік бачыў моўныя непаразуменні кожны дзень. Маючы толькі 10 год, ён напісаў п’есу «Вежа вавілонская, альбо трагедыя беластоцкая ў пяці актах». На жаль, тэкст п’есы не захаваўся, але па назве можна меркаваць, пра што там ішла размова.

Вуліца ў Беластоку, на каторай нарадзіўся Людвік. Пасля яго смерці ёй дадзена імя Заменгофа

4. Першыя нататкі пра новую мову спаліў бацька

Бацька Людвіка лічыў, што дзеці павінны мець надзейную прафесію, і не падзяляў захапленне сына стварэннем новай мовы. Сям’я пераехала ў Варшаву, дзе Людвік скончыў школу. Да таго часу ён меў ужо пару сшыткаў чарнавых запісаў, дзе былі занатаваныя ідэі, прынцыпы, словы для новай мовы. Бацька адправіў Людвіка ў Маскву вучыцца на медыцынскім факультэце ўніверсітэту, а сшыткі з сабою браць забараніў.

Заменгоф вучыўся ў Маскве два гады, пасля перавёўся ў Варшаўскі універсітэт. Бацька ж тым часам сынавы сшыткі с запісамі спаліў - каб не адцягвалі ўвагу ад навучання медыцыне. Гэта быў моцны ўдар па захапленні Людвіка. Але тое ў значнай меры паспрыяла лепшай якасці новай мовы. Заменгоф стварыў больш простую граматыку і словаўтварэнне.

5. Надрукаваў падручнік па эсперанта за жончын пасаг

Атрымаўшы дыплом лекара, Заменгоф каля года стажыраваўся ў акулістыцы ў Вене. Пазней працаваў акулістам у адным з варшаўскіх шпіталяў. Надрукаваць падручнік новай мовы яму дапамагла жаніцьба з Кларай Зільбернік, дачкой багатага купца з Коўна. Будучая жонка абяцала палову пасагу аддаць на друкаванне кнігі і абяцанне стрымала.

У 1887 годзе ў Варшаве выйшла кніга на рускай мове — «Международный язык. Предисловие и полный учебник». У тым жа годзе ўбачылі свет нямецкая, французская і польская версіі кнігі, у 1888 — англійская. Людвік Заменгоф падпісаўся як «Доктар Эсперанта», што значыць «доктар, які мае надзею». Адсюль пайшла і назва новай мовы — эсперанта.

6. Мова, якая не мае выключэнняў

У мове эсперанта 28 літар і столькі ж гукаў. Словы — у асноўным з германскіх і раманскіх моваў. Яны практычна не змяняюцца, няма праблемаў з канчаткамі. Новыя словы ўтвараюцца ад кораня слова у асноўным пры дапамозе суфіксаў. Усё робіцца па правілах, без выключэнняў. Націск заўсёды падае на перадапошні склад.

Па ўсім свеце пачалі стварацца клубы эсперантыстаў. У Нюрнбергу выдавалася газета «La Esperantisto». Найбольш падпісчыкаў газеты жыло ў Расіі. Аднак пасля перакладу і публікацыі тэксту Льва Талстога газета была забаронена ў Расійскай імперыі. Дарэчы, сам Леў Талстой валодаў мовай эсперанта, як і іншыя вядомыя людзі - Альберт Эйнштэйн ды Юліан Тувім.

7. Атрымаў орден Ганаровага легіёну і намінаваўся на Нобелеўскую прэмію

Спачатку карыстанне новай мовай было абмежавана пісьмовымі зносінамі. Але ў 1905 годзе ў Францыі адбыўся 1-шы сусветны кангрэс эсперантыстаў. Аказалася, што людзі вельмі лёгка маглі размаўляць паміж сабой. Людвік Заменгоф быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёну, у ягоны гонар была падсвечана Эйфелева вежа. Пазней кангрэсы эсперантыстаў адбываліся штогод аж да Першай сусветнай вайны.

Людвік Заменгоф неаднаразова намінаваўся на атрыманне Нобелеўскай прэміі, але далей намінацыі справа не дайшла. У 1914 годзе выбухнула вайна, людзям стала не да эсперанта. Стваральнік мовы памёр у Варшаве ў красавіку 1917 года.


Паступова месца мовы міжнародных зносін заняла англійская, надзеі эсперантыстаў не спраўдзіліся. Чаму так адбылося? Хіба праз тое, што за англійскай мовай стаяла велізарная культура і мноства носьбітаў мовы, а за эсперанта — толькі купка энтузіястаў. Ды і англамоўныя краіны выйшлі ў той час на першыя ролі ў сусветнай палітыцы і эканоміцы. Але нават усё гэта разам не зашкодіць памятаць Людвіка Заменгофа — доктара, які меў надзею.

Чытай таксама: За акіян! Як гродзенцы ехалі ў эміграцыю ў пачатку ХХ ст.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024