«Ведаеце, гэта я рабіла ляпніну ў Доме культуры на Дзяржынскага ў 1954 годзе. Дагэтуль трымаецца. А ведаеце, дзе я навучылася такому майстэрству? У высылцы, у Архангельску», — кажа Ніна Станіславаўна.

90-гадовая Ніна Станіславаўна Можджэр жыве адна ў вялікім доме на ўскраіне Гродна. Гасцей у яе амаль няма, раз у месяц прыходзіць паштальён з пенсіяй і медыкі, каб праверыць здароўе. Жанчына ўсім заўсёды распавядае пра свой дзіўны лёс — высылку ўглыб Расіі і датэрміновае вызваленне.

Забралі ноччу

У 1950 годзе 21-гадовую Яніну Можджэр асудзілі на 25 гадоў лагераў з-за таго, што яна публічна прачытала артыкул у газеце пра Сталіна і расстрэлы.

«Нарадзілася я ў 1929 годзе ў вёсцы Верхпол’е, каля Гожы. Запісалі, як з 1930 года, каб не вывезлі ў Нямеччыну. Скончыла сярэднюю польскую адукацыю, потым яшчэ вучылася ў савецкай школе. Была спакойнай дзяўчынай, але аднойчы ў рукі мне трапіла звычайная газета. Гэта было ў школе ў Рыбніцы. Прачытала заметку, потым вырашыла ўголас. Там пісалі, як Сталін расстрэльваў і вывозіў у Сібір сваіх падначаленых, якія не выконвалі яго загады. Нічога ў той момант не адбылося і я забылася пра гэтую нататку. Але ўначы да мяне прыйшлі МГБэшнікі і арыштавалі. Павезлі ў турму».

15 гадоў знялі, пакінулі 10

Яніна была ў бацькоў адна. Маладая і прыгожая дзяўчына марыла аб добрай працы, хацела знайсці нармальнага хлопца і выйсці замуж. Планы кардынальна змяніліся, калі ёй зацікавіліся спецыяльныя органы.

«Я была невінаватая — проста прачытала газету, якую мне далі. Нават сведак не было на судзе. Вінаваты быў той, хто друкаваў гэтую газету і пусціў у свабодны доступ. Але асудзілі чамусьці мяне. Спачатку ў 1951 годзе Гродзенскі абласны суд даў мне 25 гадоў лагераў. Але чамусьці мяне не везлі і каля шасці месяцаў трымалі ў Гродне ў КПЗ. Пасля гэтага перакінулі мае дакументы ў вайсковы трыбунал. Там мне 15 гадоў знялі і пакінулі 10. І толькі пасля гэтага мяне вывезлі ў Архангельскую вобласць. Уяўляеце, усё з-за гэтай прачытанай нататкі ў газеце. Маладую дзяўчыну і на такі тэрмін…».

«Толькі прачытала заметку». Як дзяўчына, якой далі 25 гадоў за "палітыку", перадала з лагера ліст у Бернардынскі касцёл
Яніна (злева) у Архангельску, 1952 г. г.

«Былі думкі, што расстраляюць»

Першы час гродзенка была ў Архангельску, там яе размеркавалі ў палітычную брыгаду. Пасля перавезлі ў Валагодскую вобласць, а адтуль у Стаўрапаль на Волзе.

«Трапіла я ў палітычную брыгаду, было нас там 24 чалавекі. Жанчыны рознага ўзросту. Некаторыя былі з Беларусі, у тым ліку і з Гродна была студэнтка. Яшчэ ў Архангельску начальнік лагера абраў мяне брыгадзірам. Я не хацела, бо бачыла, што былі жанчыны больш вопытныя, з добрай адукацыяй. Але начальнік настаяў, каб я займала гэтую пасаду. Адмовіцца не магла. Усе працавалі аднолькава, вазілі нас па розных месцах: то лес валіць, то на будпляцоўку. У Архангельску я навучылася працаваць з гіпсам і ляпнінай, дапамагала дасведчанаму майстру. Потым нас з брыгадай адправілі ў Валагодскую вобласць, а далей у Стаўрапаль. Там чысцілі пляцоўку пад Жыгулёўскае мора. У адзін дзень да нас у барак прыйшоў дневальны з канваірам і сказаў мне не выходзіць на працу. Адразу ўсе перапалохаліся».

Тады Яніна не ведала, куды яе павязуць. Думала, што не вернецца ў лагер і паспела развітацца з жанчынамі.

«Былі думкі, што расстраляюць, бо мяне судзілі па палітычных матывах. Прыехала бартавая машына і прыйшлі людзі за мной. Я запыталася ў іх: „Як мне апранацца?“, а мне сказалі: „Як хочаш“. Я апранула сваю прыгожую вопратку, якую тата з Гродна даслаў. Можа, гадзін пяць ехалі. Прывезлі мяне з жаночага лагера ў мужчынскі. Там было прыгожа: сярод баракаў шмат руж усялякіх, усюды парадак. Выгрузілі мяне каля трохпавярховага будынка. Сказалі сядзець на лаўцы і чакаць калі выклічуць. Канвой быў побач».

«Толькі прачытала заметку». Як дзяўчына, якой далі 25 гадоў за "палітыку", перадала з лагера ліст у Бернардынскі касцёл
Ніна Станіславаўна чытае дакументы з прысудам

Сустрэча з ксяндзом і нечаканае вызваленне

Пакуль Яніна сядзела і чакала далейшай каманды, да яе падышоў незнаёмы чалавек.

«Прысеў побач такі старэнькі дзядзечка. Памятаю, ён быў сівы і ў камбінезоне. Пытае ў мяне: «Дзіцятка, ты адкуль сама родам?». Адказала, што з Гродна прыехала. Гэты чалавек трымаў платочак, выцер слёзы на вачах і з гонарам сказаў: «А я — ксёндз з Бернардынскага, гродзенскага, нашага касцёла».

Некаторы час гродзенцы размаўлялі на лаўцы, ўспаміналі горад. Ксёндз тады сказаў Яніне, што яе вызваляць у бліжэйшы час, але яна не верыла.

«Кажу яму: мне ўсяго 22 гады і чаго мяне прывезлі з жаночага лагера ў мужчынскі? А ён мне заяўляе, што мяне вызваляць. Як вызваляць? Праз некаторы час выклікаюць, падымаюся на трэці паверх. Адкрываю дзверы, а там суддзя, засядацелі. Сказалі садзіцца. Суддзя сейф адкрыў, дастаў маю справу. Пагартаў і нічога нават не спытаў. Выйшлі на нараду. Прыходзяць і зачытвае прысуд. Думаю, ужо дакладна расстрэл. Але нечакана суддзя зачытвае: „Мы вас вызваляем, рэабілітуем за вашу невінаватасць. Усе абвінавачванні знятыя. Скажыце, куды б вы хацелі паехаць? У любое месца мы вам выпішам пашпарт і дамо грошы на дарогу“. Я як пачула гэта, так і прысела. Са слязамі на вачах кажу, што паеду ў свой любімы Гродна».

Яніне выпісалі спецыяльны пашпарт, а грошы паабяцалі прывезці праз тры дні. Увесь час, які ёй трэба было чакаць, дазволілі не выходзіць на працу. Гродзенка да апошняга не верыла, што яе вызваляюць. Словы ксяндза апынуліся праўдзівымі. Перад выхадам з будынка суда ён ужо чакаў яе з кветкамі.

«Ксёндз нарэзаў мне велізарны букет кветак з розных руж. І папрасіў мяне аб адной паслузе — перадаць ліст у Гродна. Ксяндзу было забаронена весці ўсякую перапіску з роднымі і сябрамі. Ён хацеў, каб я ўзяла яго ліст. Я баялася і адмаўлялася. А раптам прашманаюць і зноў палітыку прышыюць? Ксёндз запэўніў, што мяне абшукваць ніхто не будзе. Я ўзяла яго ліст, засунула пад станік. Думала, што будзе, то будзе. Прыехала машына і забрала мяне. Дзяўчаты тым часам чакалі мяне ў бараку, перажывалі, што я не вярнуся. А я прыязджаю з кветкамі і кажу ім — я вызвалена. Першая падбегла да мяне Дора — студэнтка з Гродна. Абдымае моцна і гучна плача. Пасля і іншыя падышлі».

«Толькі прачытала заметку». Як дзяўчына, якой далі 25 гадоў за "палітыку", перадала з лагера ліст у Бернардынскі касцёл
Яніна Станіславаўна са сваёй фатаграфіяй пасля вызвалення. Фота рабіла ў студыі ў Гродне

Ліст ксяндза перадала

Некалькі гадзін жанчыны размаўлялі ў бараку, а пасля правялі Яніну да машыны. У лагерах гродзенка прабыла з 1951 па 1954 гады. Некалькі дзён яна дабіралася дадому. У Гродне ніхто не ведаў, што Яніну вызваляць, для родных гэта стала поўнай нечаканасцю.

«Усе думалі, што я там і застануся. Бо многія, каго вывозілі ў лагеры, так і не вярталіся дадому. А ў мяне яшчэ такі сур’ёзны артыкул быў. Мне пашанцавала — вярнулася. Дома ўсе плакалі. Ліст, як і абяцала старому ксяндзу, занесла ў Бернардынскі касцёл, перадала тамтэйшаму святару. Расказала яму пра ўсё. З ім мы потым сябравалі і размаўлялі заўсёды пасля службаў. Што было ў лісце, я нават і не ведаю. Не ведала ні імёнаў, нічога. Проста трэба было перадаць. Ужо пазней мне стала вядома, што ксёндз, які перадаваў мне ліст, так і не вярнуўся дадому, ён памёр у гэтым лагеры. Магчыма, тым лістом ён развітваўся з блізкімі людзьмі».

Па прыездзе ў Гродна Яніна спачатку працавала з мясцовым скульптарам, які рабіў помнікі. Яна займалася ляпнінай з гіпсу. Кажа, плацілі вялікія грошы, нават дом свой пабудавала. А пасля перастала працаваць з будаўнічымі матэрыяламі і пайшла на абутковую фабрыку. У 1957 годзе Яніна выйшла замуж і нарадзіла двух дзяцей. Пасля вызвалення з лагераў жанчына ўсё жыццё жыве ў Гродне.

«Толькі прачытала заметку». Як дзяўчына, якой далі 25 гадоў за "палітыку", перадала з лагера ліст у Бернардынскі касцёл
«Толькі прачытала заметку». Як дзяўчына, якой далі 25 гадоў за "палітыку", перадала з лагера ліст у Бернардынскі касцёл

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life