19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Гродна. Ён наведаў малочна-таварны комплекс «Абухава» СВК імя Сянько і завод «Молочный мир». Таксама верталёт Лукашэнкі прызямляўся каля Універсітэцкай клінікі. Hrodna.life сабраў, пра што Лукашэнка гаварыў з гродзенцамі, і ўспомніў, што ён заяўляў і абяцаў паўгода таму, у час мінулага візіту ў разгар паслявыбарчых пратэстаў.

Паабяцаў, што іншыя прэзідэнты будуць. «Жывем, як можам, і не горш за іншых. Таму трымайцеся сваёй зямлі. Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Я вам гарантую. Тады вы, параўнаўшы ўсё, зразумееце. А цяпер проста набярыцеся цярпення», — сказаў Лукашэнка, размаўляючы з работнікамі «Молочного мира» 19 сакавіка.

Караеў і Каранік — як кандыдаты ў прэзідэнты. «Транзіт улады адзін. Выбары, народ выбраў. Мае дзеці пасля мяне не будуць прэзідэнтамі. Вось у мяне два чалавекі - яны могуць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах [пра Уладзіміра Караніка і Юрыя Караева. — Заўв. Hrodna.life]. Будуць моцнымі кандыдатамі: адзін генерал, другі - губернатар. Маладыя, новае пакаленне, якія ведаюць цану гэтай краіне. Ёсць у нас годныя людзі, якія ведаюць краіну. Яны будуць канкураваць», — перакананы Лукашэнка.

«Усе не будзем побач». «Ёсць такія, якім шмат чаго не падабаецца. Трэба пацярпець», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што «ўсе мы не будзем побач». «Пераважная большасць хочуць жыць мірна і спакойна. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што людзі баяцца страціць стабільнасць і парадак у краіне. І нам гэтага дапусціць нельга». Разам з тым, Лукашэнка лічыць, што трэба быць бліжэй адзін да аднаго. «Свет ашалеў, і людзі ў гэтым свеце страцілі арыентацыю. А ў гэты момант не трэба кідацца ў розныя бакі. Таму я і абвясціў гэты год Годам народнага адзінства».

"Будуць у вас іншыя прэзідэнты, а зараз набярыцеся цярпення". Пра што Лукашэнка казаў у Гродне
Аляксандр Лукашэнка на «Молочном мире». Фота: БелТА

Прад’явім свету. «Вось мы збіраем матэрыялы, і мы цяпер ўсяму свету прад’явім. І тым, хто нас сёння дэмакратыі павучае, мы ім пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народа», — сказаў Лукашэнку. Ён згадаў нараду ў Менску, дзе абмяркоўвалася тэма процідзеяння гераізацыі нацызму і пытанне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай айчыннай вайны. «Гэта быў самы сапраўдны страшны генацыд. І беларусаў, і рускіх, і яўрэяў, украінцаў». Паводле яго слоў, трэба больш гаварыць моладзі, што перажыў народ.

З кім будзе гандляваць Беларусь

Будзем гандляваць з Кітаем, Індыяй і - Еўропай, «нягледзячы на палітыку». «Велізарны рынак [Кітай. — Заўв. Hrodna.life], туды імкнуцца ўсе, — сказаў Лукашэнка. — Я не скажу, што ён заўсёды для нас прэміяльны. Але трэба, каб мы прысутнічалі на многіх рынках. Таму мы прарваліся туды і разгортваемся там». Перспектыўным рынкам для харчовых тавараў Лукашэнка таксама лічыць Пакістан і Індыю. «Мы з індусамі з савецкіх часоў у вельмі добрых адносінах. Але мы гандлюем з імі недастаткова, а рынак каласальны». Успомніў ён і пра Еўразвяз. «Добра, што вы маеце адносіны з Еўрасаюзам і хоць трошкі туды пастаўляеце гэтай прадукцыі. Калі ўжо сцяжынка протоптана, па ёй можна будзе прайсці ў любы час, нягледзячы ні на якія ўзрушэнні ў нашых адносінах. Палітыка палітыкай часам, а бізнэс бачыць свае шляхі і дарогі».

Пра «бойку вакцын»

Насцярожвае «бойка вакцын». «Некалькі трыльёнаў - рынак па вакцынах. І ўсе хочуць гэты кавалак адхапіць», — сказаў Лукашэнка і назваў гэта «бойкай вакцын». Ён нагадаў, што ў Беларусі хутка пачнуць вытворчасць расійскай вакцыны, а да канца 2021 года чакаюць атрымання беларускай. Таксама яго насцярожвае, што «як быццам спецыяльна падаграваюць тэму пандэміі: рэгулярна паведамляецца аб з’яўленні ўсё новых штамаў каранавіруса», піша БелТА. «Не хвалюйцеся, асабліва пра дзетак. У нас хапае месцаў, і ў Гродзенскай вобласці ў тым ліку. Трэба правакцынаваць — не хвалюйцеся, усіх правакцынуем, хто захоча. Усім уколем», — сказаў ён. «Мы дазакупілі абсталяванне і будзем рабіць».

Трэба павялічваць пагалоўя жывёлы ў вобласці. «Гродзенская вобласць можа і павінна прыбаўляць. У вас не толькі па інтэнсіўнасці (надоі, якасць малака), але і па колькасці трэба расці», — сказаў Лукашэнка ў малочна-таварным комплексе «Абухава» СВК імя І. П. Сянько. «Каб было малако, патрэбныя тры „К“ — кадры, кармы, каровы», — зазначыў Уладзімір Каранік, былі міністр аховы здароўя, анколаг, цяпер — кіраўнік Гродзенскай вобласці.

Зноў перакрывалі горад

На «Молочном мире» Аляксандру Лукашэнку паказалі новы сыр гатунку пармезан пад брэндам «Прэзідэнцкі».

На час перамяшчэння картэжа па горадзе традыцыйна перакрывалі вуліцы. Раніцай у горад не пускалі грузавікі і правяралі мікрааўтобусы. Перакрывалі праезд на праспект Касманаўтаў з боку «Азоту», скрыжаванне Дзяржынскага і вуліцы Белыя Росы, праезды каля Triniti. Быў зачынены праезд для аўтамабіляў у бок Універсітэцкай клінікі, машыны разгортвалі на кальцы Фартоў, паведамляў «Автогродно». Сам Лукашэнка перамяшчаўся на верталёце.

Верталёт Лукашэнка прызямліўся ў Пышках, каля медыцынскага коледжа і Універсітэцкай клінікі (былая абласная бальніца). У бальніцы забаранялі глядзець у вокны, паведамлялі чытачы «Автогродно».

Верталёт каля медыцынскага коледжа. Відэа чытача Hrodna.life

Пра што казаў Лукашэнка ў мінулы візіт?

У мінулы раз Аляксандр Лукашэнка прылятаў у Гродна 22 жніўня, у разгар пратэстаў пасля выбараў 9 жніўня. Ён наведаў палігон у Гожы, пункт пастаяннай дыслакацыі механізаванай брыгады на Фолюшы, выступіў на мітынгу у сваю падтрымку на плошчы Леніна. Падчас візіту і на мітынгу ён казаў аб знешняй пагрозе, пратэстах, а таксама прадставіў новага кіраўніка вобласці - Уладзіміра Караніка.

Александр Лукашенко на митинге в Гродно
Аляксандр Лукашэнка ў Гродна 22 жніўня. Фота: Алена Кавальчук

Знешняя пагроза. Лукашэнка адзначаў, што «ўсё ідзе па плане каляровых рэвалюцый з узбуджэннем ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне», але ўлада «супраціўляецца і кантралюе сітуацыю», таму «падлучаны знешні фактар». «На заходняй мяжы неспакойна — бразгаюць зброяй, пагражаюць», — удакладняў Лукашэнка. «Завадатары [пратэстаў. — Заўв. Hrodna.life] — не гродзенцы, не беларусы. Яны сядзяць там пад Варшавай, пад Вільняй». Ён даў даручэнне міністру абароны і камандзіру Заходнім аператыўным камандаваннем прыкласці ўсе намаганні, каб «абараніць перш за ўсё заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гродне». «З прыняццем самых жорсткіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны», — падкрэсліў ён тады.

У канцы жніўня Лукашэнка казаў аб пачатку «дыпламатычнай бойні» і аб тым, што Польшча «спіць і бачыць», як да яе адыдзе Гродзенская вобласць. Да гэтага, 19 жніўня, ён заяўляў, што ў Гродне вывешваюць польскія сцягі.

Чытайце таксама: Дыпламатычны скандал: МЗС Беларусі прапанавала польскаму консулу ў Гродне пакінуць краіну

Каранік — новы кіраўнік вобласці. На мітынгу Лукашэнка прадставіў Уладзіміра Караніка як новага старшыню Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Лукашэнка адзначыў, што для яго гэта вялікая страта: Каранік быў «геройскім чалавекам у часы каранавіруса» і «першым генералам, які выконваў указанні [Лукашэнкі. — Заўв. Hrodna.life]». «Вы першы губернатар, якога прадставілі проста на плошчы. З вас многае належыць! Вы павінны дапамагчы Гродзенскай вобласці!», — сказаў Лукашэнка на мітынгу.

Чытайце таксама:

Выявіць завадатараў не натоўпамі, а па адным. На мітынгу 22 жніўня Лукашэнка даручыў КДБ у Гродне на працягу суботы і нядзелі «забяспечыць парадак на вуліцах» Гродна і вобласці. «Як бы каму не падабалася, трэба выявіць акуратна — не натоўпамі — акуратна выявіць ўсіх завадатараў і правакатараў», — сказаў ён тады. Таксама ён заявіў, што «ёсць усе спісы» гэтых людзей.

Папярэдзіў святароў. На плошчы Лукашэнка заявіў, што святары павінны «не ісці на повадзе ў адшчапенцаў» і займацца не палітыкай, а рэлігіяй. «Вам будзе сорамна і ганебна за пазіцыю, якую вы займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе», — сказаў Лукашэнка.

Чытайце таксама: Лукашэнка: Кандрусевіч у спісе неўязных, агульным для Беларусі і Расіі, а касцёл мы абараняем

Заклікаў прабачыць сілавікоў. «60% - паказвалі сінякі — 60% - пастановачныя кадры», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на праўладным мітынгу 22 жніўня ў Гродне пра збітых АМАПам. Ён заклікаў дараваць дзеянні супрацоўнікаў. «Гэта вашы людзі, нават калі яны недзе памыліліся — прабачце іх!».

Чытайце таксама: Вадзім Сіняўскі стаў новым кіраўніком МНС Беларусі. Ён кіраваў міліцыяй Гродна, разганяў пратэсты і прабачаўся за гвалт