11 сакавіка беларускае МЗС прапанавала кіраўніку Генеральнага консульства ў Гродне Яраславу Ксёнжаку пакінуць Беларусь. У яго ёсць 48 гадзін, каб з’ехаць з краіны. Раней прапанову пакінуць Беларусь атрымаў консул Польшчы ў Брэсце.

11 сакавіка ў МЗС Беларусі быў выкліканы Часовы Павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Яму даведзена рашэнне аб немэтазгоднасці прысутнасці на тэрыторыі Беларусі кіраўніка і консула Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне Яраслава Ксёнжака. Ён працуе ў Гродне з канца 2016 года.

Чытай яшчэ: Любіць хадзіць па вулачках і шкадуе аб Фары Вітаўта. Консул Яраслаў Ксёнжак пра жыццё ў Гродне

9 сакавіка МЗС Беларусі паведаміла, што ў сувязі з грубым парушэннем Венскай канвенцыі аб консульскіх зносінах краіну павінен пакінуць консул Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк. Беларускі бок быў незадаволены ўдзелам дыпламата ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным «дню праклятых жаўнераў», які прайшоў 28 лютага ў Брэсце. МЗС заявіла, што удзелам у гэтым мерапрыемстве польскі прадстаўнік парушыў нормы міжнароднага права.

10 сакавіка Польшча адказала на высылку свайго дыпламата. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач заявіў, што яго краіна прызнала персонай нон грата дыпламата з амбасады Беларусі ў Варшаве.

«У адказ на недружалюбныя і неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да польскага консула ў Брэсце Польшча прызнала персонай нон грата дыпламата з амбасады Рэспублікі Беларусь у Варшаве», — напісаў намеснік міністра ў Twitter.

Чаму Польшча і Беларусь высылают дыпламатаў?

1 сакавіка ў Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці «праклятых жаўнераў», усталяваны ў 2011 годзе. Гаворка ідзе пра ўдзельнікаў антысавецкага падполля, якія ў другой палове 1940-х гадоў змагаліся за незалежнасць краіны.