Карыснае

10 рэчаў, якія варта зрабіць у Вільні

Вільня — адзін з самых папулярных сярод гродзенцаў гарадоў блізкага замежжа. Тураў і турыстычных маршрутаў па каштоўнасцях гэтага горада, перадусім гістарычных, ёсць шмат. Hrodna.life падрыхтаваў спіс не самых відавочных рэчаў, якія абавязкова трэба зрабіць пасля прыезду ў Вільню, каб канчаткова закахацца ў гэты горад. Спіс падыйдзе і тым, хто ўжо бываў у Вільні, і тым, хто едзе туды ўпершыню.

Калі ж 10 справаў, гэта для вас мала, то амаль бясконцую колькасць варыянтаў баўлення часу ў Вільні вам падкажуць у «Вільнюс Рэлакс».

1. Паесці мясцовага

У кожнай нацыянальнай кухні ёсць страва — візітная картка краіны. У Літве, як і ў Беларусі, дастаткова папулярныя стравы з бульбы. Адной з самых вядомых з’яўляюцца цэпэліны. Для тых, хто не ведае, што гэта такое: уявіце сабе піражкі з мясам, дзе замест цеста бульбяное пюрэ. Або ўявіце ў небе гэты самы цэпэлін — прадаўгаваты дырыжабль, толькі зроблены з бульбы. Выдатна ідзе з якім-небудзь мясцовым броварам.

Калі вы не любіце эксперыментаваць, то заўжды ёсць знаёмыя дранікі. У некаторых месцах іх робяць нават смачней, чым у Беларусі! Паспрабуйце як-небудзь замовіць «бульвінэй блінай су шоніне» і параўнайце з тым, што звычайна падаюць на радзіме.

2. Пачытаць кнігу на падаконніку

У Гродне таксама ёсць буккросінг, але яго ніяк нельга параўноўваць з Віленскім. На праспекце Гедыміна ёсць некалькі кавярняў, дзе акрамя месца за столікам можна пасядзець і на падаконніках. У некаторых кавярнях ёсць вялікі выбар кніг, карыстанне якімі бясплатнае. На жаль, большасць літаратуры на замежнай мове. Але ніхто не забараняе прыходзіць са сваімі кнігамі. Таму, калі вы жадаеце паказаць усім мінакам, што вы інтэлектуал, смела выкарыстоўвайце гэтую магчымасць!

3. Знайсці ва Ужупісе канстытуцыю на беларускай

Верагодна, вы ўжо чулі пра Рэспубліку Зарэчча ў Вільні. А калі не чулі - вы нічога не ведаеце пра Вільню. Ужупіс — адзін з самых цікавых і творчых раёнаў сталіцы Літвы, які знаходзіцца недалёка ад гістарычнага цэнтра. Раней там жылі наркаманы і п’яніцы, зараз — мастакі і музыкі. У Рэспублікі Зарэчча ёсць свая валюта, штамп у пашпарт і свая канстытуцыя, якая выгравіравана на вялікіх сталёвых лістах. Яна перакладзена на шматлікія мовы, у тым ліку і на беларускую.

4. Зрабіць фота на фоне англійскай тэлефоннай будкі

У Вільні шмат цікавых кавярняў і бараў. Але асаблівасць аднаго з іх — уваход праз чырвоную тэлефонную будку. Негледзячы на тое, што гэты бар знаходзіцца ў цэнтры горада, знайсці яго дастаткова цяжка, таму далёка не ўсе госці Вільні ведаюць пра гэтую «платформу 93/4» да брытанскіх сцягаў, пінт і рыбы з чыпсамі. Таму, калі вы хацелі апынуцца ў атмасферы Брытаніі - можна далёка не ездзіць.

5. Пагуляць па Ікеі

Канешне, Ікеа ў Вільнюсе нічым не адрозніваецца ад Ікеі ў іншых гарадах. Але калі вы там ніколі не былі - яе абавязкова трэба наведаць, нават калі вы проста бедны студэнт і не плануеце купляць новую мэблю ў свой пакой. Як мінімум, туды варта пайсці як у музей сучаснага мастацтва. Як максімум — там ёсць сталовая са смачнымі і адносна таннымі абедамі. А калі для вас не надта цяжка замазаць у фаташопе цэннікі, можна зрабіць прыгожыя калядныя фатаздымачкі на паштоўку для вашай бабулі. Пацягайце слайдэр на фота ніжэй і паглядзіце, як фота з крамы ператвараецца ў фота з утульнага дома.

6. Зрабіць сэлфі на фоне класных графіці

Вулічнае мастацтва ў Літве развіта больш, чым у Беларусі. Канешне, сумна выглядае, калі гістарычныя будынкі «ўпрыгожаны» крывымі надпісамі балончыкам, але ў некаторых раёнах Вільні (асабліва побач з вакзалам і цэнтрам) на сценах можна знайсці сапраўдныя творы мастацтва. Лепей сфатаграфаваць іх, бо некаторыя знікаюць хутка.

7. Паесці літоўскага хлеба і замежных сыроў

Не сакрэт, што ў літоўскіх крамах ёсць шмат прадуктаў, якіх вы ніколі не знойдзеце на паліцах у крамах Беларусі. Канешне, розныя газіроўкі, чыпсы з дзіўным смакам, незнаёмы алкаголь — усё гэта прыцягвае ўвагу. Але перад тым, як траціць свае грошы як падлетак, раім звярнуць увагу на сыры і хлеб.

Літоўскі сыр можна набыць на любы смак і колер: ад салодкага тварожнага з мармеладам да салёных вэнджаных шарыкаў ды ад чырвонага да зялёнага і белага ў крапінку. Але нават калі вы не фанат эксперыментаў з малочнымі прадуктамі, на паліцах у віленскіх крамах ёсць і шмат класічных сыроў - з цвіллю, аліўкамі, арэхамі і г. д.

Што тычыцца хлеба — выбар тут не меншы. Нават самы звычайны літоўскі хлеб вельмі смачны і адрозніваецца ад таго, што робяць у нас. Але калі добра пашукаць, акрамя хлебу з макам, кунжутам і курагой можна знайсці нават чорны хлеб з канаплянымі семкамі. Каля паліцы з выпечкай таксама можна стаяць доўга, нават калі проста паглядзець.

8. Паглядзець кіно на мове арыгіналу

Хоць літоўцы і размаўляюць па-літоўску, у кінатэатрах фільмы паказываюцца на мове арыгіналу з літоўскімі субцітрамі. То бок, на літоўскай мове вы паглядзіце толькі літоўскі фільм або анімацыю для дзяцей. Таму, калі вы нармальна ўспрымаеце на слых, напрыклад, англійскую — можаце не адмаўляць сабе ў асалодзе паглядзець кіно на вялікім экране ў зале еўрапейскага класу.

9. Паспрабаваць хоць штосьці сказаць па-літоўску

Не сакрэт, што ў Вільні без праблем можна абысціся наогул без ведання літоўскай. Амаль кожны зможа падтрымаць з вамі гутарку па-англійску. Старэйшае пакаленне зможа гэта зрабіць і на рускай мове. Але часам бывае і так, што людзі, па тых ці іншых прычынах, размаўляюць выключана на роднай мове. Тым болей, ніхто не адмяняў павагу да каштоўнасцяў і культуры іншай краіны.

Вы не абавязаны ведаць мову краіны, у якую прыехалі пагасціць. Але калі вы скажаце хаця б некалькі слоў на тутэйшай мове, гэта дакладна не будзе мінусам.

Таму вось вам скорачаны курс літоўскай мовы на выжыванне.

Па-перше, літара «Y» у літоўскай мове чытаецца як «і» (ні ў якім выпадку не як «ы»), а літара «J» выключна як «Й». Па-другое, некаторыя літары — звычайная беларуская лацінка: Š = Ш; Č = Ч; Ž = Ж. Па-трэцяе, вы павінны разумець, што літоўцы карыстаюцца рускім матам. Таму, калі па-нейкіх прычынах вы будзеце лаяцца — улічвайце, што вас разумеюць.

Далей паводле спісу:

Labas rytas (лабас рітас) — добрай раніцы;
Laba diena (лаба дзена) — добры дзень;
Labas vakaras (лабас вакарас) — добры вечар;
Labanaktis (лабанактіс) — дабранач;

Ačiu labai (ачу лабэй) — дзякуй вялікі;
Aš nekalbu lietuviškai (аш не калбу літувішкай) — я не размаўляю па-літоўску (дарэчы, гэта самая кепская фраза, бо пачыўшы яе з вамі ўсё адно працягнуць размаўляць па-літоўску);
Ar jūs kalbate rusiškai/angliškai? (ар юс калбатэ русішкай/англішкай) — ці вы размаўляеце па-руску/па-англійку?;
Aš noriu bulviniai blynai su šonine (аш норю бульвінэй блінэй су шоніне) — я хачу дранікі з беконам;
Aš esu studentas iš Baltarusijos ir neturiu pinigų (аш эсу студэнтас іш балтарусійос ір нетурю пінігу) — я студэнт з Беларусі і не маю грошай;
Prašom trys litrai alaus (прашум тріс літрай алус) — тры літры піва, калі ласка;
Ar aš galiu mokėti bulves? (ар аш галю мокеці бульвес) — ці я магу заплаціць бульбай?;
Gardinas — lietuvos sostine! (гардзінас летувос состіне) — Гродна — сталіца Літвы! (па-магчымасці, лепей не ўжываць, але з літоўцамі можна шмат спрачацца, чыя Пагоня, гісторыя, Вільня і г.д)
Aš myliu Vilnius (аш мілю вільнюс) — я люблю Вільнюс (а гэтымі словамі карыстайцеся часцей);
Moteris, aš nešoku (мотэріс, аш нешоку) — жанчына, я не танчу;
Kur mano gaminys, Jonas? (кур мано гамініс йонас) — дзе мой тавар, Джоні(Йонас)?
Kur yra policija? Aš ieškau nuotykiai (кур іра поліція аш эшку нуотікяй) — дзе паліцыя? Я шукаю прыгоды;
Lol, kiek? (лол кек) — лол, колькі?

10. Купіць квіткі да Гродна

Кожны гродзенец ведае, што самае лепшае, што ты можаш купіць у іншым горадзе — квіткі да Гродна. Зваротныя квіткі лепей купляць загадзя, асабліва пад час Калядаў і іншых хваль міграцыі, бо інакш прыдзецца ехаць праз Мінск і згубіць шмат часу і грошай. Прамыя рэйсы Вільнюс-Гродна пакуль што ёсць толькі на аўтобусах. Цягніка па такім маршруце няма, ды і на бла-бла-кары звычайна такі не знойдзеш. Паглядзець расклад аўтобусаў і наяўнасць білетаў можна на сайце autobusubilietai.lt. Іх можна купіць анлайн, але беларускія банкаўскія карты не заўсёды могуць спрацаваць. Самі білетныя касы знаходзяцца ў будынку аўтавакзала і працуюць з 6:00 да 19:00 кожны дзень. І прыходзьце хаця б за 10 хвілін да адпраўлення, бо грошы за білет пасля адпраўлення аўтобуса не вяртаюцца.

Кранаючыся тэмы аўтавакзала. Месцы паесці ёсць на самым вакзале і вакол. На другім паверсе ёсць прадуктовая крама. Wi-fi знайсці цяжка. Можа спрацаваць кропка кіёска «Нарвасэн», кропкі з аўтобусаў, калі вы ўжо на платформ, ці, самы надзейны варыянт — адзін з сеткавых фастфудаў праз дарогу.

Улічвайце, што на вакзалах ходзяць шмат папрашаек з гісторыяй «у абменніку не дадалі грошай, татка чакае ў Мінску/Гродне». Прыцісніце свае альтруісцкія парывы. За 4 гады ў Вільні з некаторымі з гэтых папрашаек я ўжо вітаюся і пытаюся, як іх справы. Так і не даехалі да таткі.


Дзясяткі іншых варыянтаў як правесці час і што рабіць у Вільні і Літве можа прапанаваць «Вільнюс Рэлакс». Сачы за самымі цікавымі іх прапановамі ў сацыяльных сетках: VK i FB


Фота: intrepidtravel.com, 34travel.me, 15min.lt, likealocalguide.com, vilnius-relax.lt, commons.wikimedia.org, europub.lt


ТАА «Ірвінга Група»

УНП 191 751 509

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024