Гараджанка купіла шаурму ў ГЦ «Корона», але ўнутры стравы знаходзілася костка. У Threads жанчына напісала, што з-за гэтага ў яе адкалолася частка зуба. У краме пракаментавалі сітуацыю.

«Новы інгрэдыент у шаурме, зробіш агляд», – апублікавала пост гродзенка са зваротам да папулярнага беларускага фуд-блогера Кокобая.

Дарэчы, блогер пост заўважыў і напісаў, што “ў жыцці такога не бачыў”.

Гродзенка зламала зуб аб шаурму — у краме адрэагавалі
Шаурма з косткай. Крыніца: Threads

Праз дзесяць гадзін пасля публікацыі фота з шаурмай гродзенка дапоўніла пост. Дзяўчына напісала, што крама “заняла вельмі цікавую пазіцыю”. Грошы беларусцы вярнулі, але наяўнымі і без чэка, хаця шаурму яна аплачвала картай.

«Гэта значыць, яны не зрабілі зварот, тым самым з пункту гледжання закона не прызналі наяўнасць дэфекту тавару», — піша гродзенка.

Кнігу скаргаў беларусцы таксама не далі. Затое пасля таго, як гродзенка пакінула водгук на сайце крамы (распавяла, што ў яе адкалоўся зуб), з ёй усё ж такі звязаліся.

«Са мной звязалася мілая дзяўчына і казала, што яны ўсё кампенсуюць. Але праз пару дзён патэлефанаваў нейкі кіраўнік і сказаў, што кампэнсаваць яны будуць па факце», — піша гродзенка. 

У адказ жанчына ўдакладніла, ці могуць ёй “даць нешта акрамя вусных абяцанняў”. Але кіраўнік так і “не змог нічога адказаць». 

«Прапаноўвала ім як дакумент кансультатыўнае заключэнне з планам лячэння, сказаў: “А раптам вы патраціце менш на лячэнне, чым было заяўлена?» – пераказвае дыялог карыстальніца. Прыём у лекара будзе праз два месяцы.

Чытайце таксама: У Гродне адкрылася шаурмічная з тэрасай на даху. Яе палюбілі кіроўцы