Дэфіцыт кадраў у сельскагаспадарчай сферы паступова вырашаецца, упэўнены старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. Праблему вырашаюць за кошт замежнікаў з усходніх краін былога СССР, Афрыкі і Паўднёвай Азіі. Але “касцяк” павінен складацца з уласных спецыялістаў, кажа чыноўнік.
У красавіку 2026 у аграсферы вобласці задзейнічаны працоўныя мігранты з 30 краін: Туркменістана, Бангладэша, Эфіопіі, Беніна і іншых. Усяго больш за 500 чалавек – большасць з іх працуюць жывёлаводамі.
Паводле слоў Караева, беларускі бок зацікаўлены ў замежных супрацоўніках з усходніх краін, таму што тыя “традыцыйна не вельмі любяць алкаголь, старанна выходзяць на працу”. Запрошаным супрацоўнікам прапаноўваюць заробак у памеры 2,5-3 тыс. руб.
Караеў дадае, што многія з замежнікаў пакідаюць сабе толькі невялікую частку заробленых грошай. Астатнюю суму адпраўляюць сваякам. «Мы гэтым карыстаемся, але ўвесь свет гэтым карыстаецца, і мы карыстаемся гэтым вельмі сумленна, годна, не вылучаем іх у зарплаце», – сцвярджае чыноўнік.
Пакуль гэты метад працуе і недахоп кадраў папаўняюць замежнікамі. Аднак касцяк працоўнай сілы павінен складацца з уласных спецыялістаў, упэўнены кіраўнік аблвыканкама.
Спецыялісты сыходзяць з сельскай гаспадаркі апошнія 30 гадоў
За апошнія 30 гадоў колькасць працаўнікоў у сельскай гаспадарцы знізілася больш чым у чатыры разы.
Недахоп кадраў прызнаюць і ўлады. У 2024 годзе Лукашэнка паведаміў, што «кадравы дэфіцыт – сістэмаўтваральная праблема галіны». Бракавала каля 10% кіраўнікоў і спецыялістаў працоўных прафесій, яшчэ 15% дэфіцыту назіралі сярод заатэхнікаў і ветэрынараў.
З кастрычніка 2025 у Гродзенскай вобласці колькасць людзей, занятых у эканоміцы, павялічылася, у тым ліку і за кошт замежнікаў.
Чытайце таксама: Гродзенцы месяцамі не могуць знайсці працу. HR патлумачыла, у чым справа




