Расійскі псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі павінен быў выступіць у Гомелі і Гродне 19 і 21 сакавіка. Зараз сустрэчу ў Гродне адмянілі, а ў Гомелі – перанеслі на восень. Мяркуючы па ўсім, на выступы не змаглі прадаць квіткі.
Тэмай “публічнай сустрэчы-кансультацыі” з Міхаілам Лабкоўскім была “Каханне без пакут. Чаму мы выбіраем “няправільных” партнёраў”. Фармат нібыта аб’ядноўвае “псіхалагічны стэндап”, жывыя зносіны з залай і публічную кансультацыю, дзе ўдзельнікі змогуць задаць свае пытанні асабіста або ананімна.
“…да 16 сакавіка прадалі толькі прыкладна 15% месцаў. Выступ перанеслі на кастрычнік, а вось шоу ў Гродне і зусім адмянілі”, – пішуць “Гомель – Сильные новости”.
Каментары пад навіной пра сустрэчу ў Гродне былі розныя: ад “чакаю ў Мінску” да “Як чалавек, які не змог стварыць сваю сям’ю, можа дапамагчы іншым?”(псіхолаг у разводзе – Hrodna.life). “Гомель – адзін з самых псіхалагічна ўстойлівых гарадоў”, – каментуюць перанос у сацсетках.
Пайсці на сустрэчу можна было за 79-164 рублі. Квіткі можна здаць па поўнай цане.
Міхаіл Лабкоўскі – гэта расійскі практыкуючы псіхолаг, пісьменнік і медыйная фігура. Ён стаў шырока вядомы дзякуючы лекцыям, радыё- і тэлеперадачам і кнігам па “папулярнай псіхалогіі”. Аўтар бэстсэлера “Хочу и буду”, дзе прасоўвае ідэі самапрыняцця і “права рабіць тое, што хочаш”. Яго стыль называюць “правакацыйным”. У 2019 годзе яго кансультацыя каштавала 1350 еўра за 45 хвілін зносін з пацыентам.
Чытайце таксама: У Гродне выступіць расійскі Shaman. Гродзенцы купляюць квіткі (абноўлена)




