Былы муж гродзенскай блогеркі Яўгеніі Тарасенка зняўся ў новым выпуску расійскага ток-шоу «Давай Поженимся». Алег Тарасенка расказаў, чаму развёўся з жонкай, а таксама падзяліўся сваім стаўленнем да грошай. Новы выпуск ужо апублікаваны на сайце «Первого канала».
Знаёмства: мяса ў падарунак і пытанні пра аліменты
У выпуску галоўнай гераіняй была нявеста – 25-гадовая візажыстка з Сыктыўкара Анастасія. За яе сэрца змагаліся трое жаніхоў. Адзін з іх – якраз Алег Тарасенка.
Сваю прэзентацыю Алег пачаў з падарункаў – прынёс вядучым мясныя прадукты, якія вырабляе яго сябар – мабыць, Павел Яфіменка (“Мясны кароль”). А «нявесце» Анастасіі падарыў кулон з QR-кодам і лядзяш. Алег дадаў, што “беларусы – народ гасцінны”.
Пасля мужчына расказаў, што прабыў у шлюбе 14 гадоў. Адносіны з Яўгеніяй ён апісаў як шчаслівыя, аднак з-за «такіх-сякіх непаразуменняў» сям’я распалася. “Разышліся добра”, – дадаў мужчына.
Праграма “Давай пажэнімся” будуецца ў тым ліку на вострых пытаннях, якія вядучыя задаюць удзельнікам – так яны правяраюць погляды патэнцыйных партнёраў, а таксама іх гатоўнасць да сур’ёзных адносін.
У Алега пыталіся пра аліменты. Ён адказаў, што праводзіць з дзіцем палову месяца, аліменты не плаціць, але набывае ўсё, што яму патрабуецца.
Мужчына таксама дадаў, што ён “працаголік, публічная асоба, любіць свабоду і можа ўспыхнуць як запалка (але адразу ж патухае”).
Вядучыя сказалі “нявесце”, што за “беларускім мужам яна будзе як за каменнай сцяной”. Але параілі Анастасіі “не лезці ў яго справы і не смець павучаць і матываваць”. Алега апісалі як «заможнага» мужчыну.
Творчы нумар: песня “По имени Настя”
Па ўмовах праграмы ўдзельнікі павінны паказаць творчы нумар-сюрпрыз. Алег падрыхтаваў музычны выступ – выканаў песню “По имени Настя” расійскага выканаўцы Дзяніса Майданава.
Пасля гэтага “нявеста” сказала, што Алег “класны і сапраўды прышпільны”.
Фінал: «Алег – гэта годна»
У канцы праграмы “нявеста” павінна выбраць партнёра, які падаўся ёй найбольш прыдатным. Анастасіі раілі звярнуць увагу на Алега. «Алег – гэта гучыць Гродна, ой, гэта значыць годна. Мне падаецца, мужчына з Беларусі са сваёй натуральнай гаспадаркай ідэальна падыдзе Анастасіі», пракаментаваў памочнік вядучых.
“Нявеста” прыслухалася і выбрала Алега. Дзяўчына лічыць, што яны падобныя па тэмпераменце і захапленням, таму ім неабходна разам паесці дранікі.
Чытайце таксама: Былы муж затрыманай за махлярства блогеркі шукаў новую жонку на «Давай поженимся»




