Сукамернікі да смерці збілі зняволенага – гэта адбылося ў ліпені 2022 у гродзенскай турме. Прозвішча зняволенага Шыпуль – мужчына атрымаў вялікі тэрмін і быў у нізкім статусе, распавёў на сваім YouTube-канале Мікола Дзядок.
У відэа Дзядок кажа, што Шыпуля «закінулі ў вялікую петушыную хату». Па словах актывіста, у гродзенскай турме падобныя камеры выкарыстоўваюць для дадатковага маральнага прэсінгу зняволеных.
«У яго [Шыпуля — Hrodna.life] падваенне асобы, ён мог красці. Яго пачалі паступова біць. У выніку пасля чарговага крадзяжу яго ў прагулачным дворыку пачалі біць усім кагалам. Білі-білі: разрыў селязёнкі, унутраная гематома органаў, нырку адбілі яму», – кажа Дзядок.
Былы палітвязень дадае, што ўсе ўдзельнікі бойкі патрапілі ў ШІЗА, у тым ліку і збіты Шыпуль. Па словах Дзядка, адміністрацыі турмы “было пляваць” на стан Шыпуля. У лякарню мужчыну даставілі толькі праз пяць сутак пасля бойкі.
Аперацыю Шыпулю не зрабілі, праз некалькі дзён яго вярнулі ў турму. “Але да сваёй камеры ён не дайшоў. Ён памёр проста на прадоле», – кажа Дзядок.
Актывіст дадае, што ў выніку бойкі пакаралі толькі аднаго ўдзельніка, які быў “найменш карысным” для сілавікоў. Ён атрымаў 14 год калоніі дадаткова.
Па словах актывіста, людзі паміраюць у гродзенскай турме, бо ім практычна не аказваюць медыцынскую дапамогу. Дзядок нагадаў аб смерці палітвязня Алеся Пушкіна — у мужчыны была прабадная язва.
«Яны кажуць: „Мы так змагаемся са злачыннасцю“. Ледзь не прамым тэкстам яны кажуць, што, “чым больш вас тут памрэ, тым лепш для крымінагеннай абстаноўкі ў Беларусі”», — дадаў Дзядок.
Чытайце таксама: Стала вядома, хто будзе карміць затрыманых у ІЧУ Гродна




