У Гродне плануць рэканструяваць будынак па адрасе 1-я Працоўная, 10. Ён знаходзіцца ў папулярным дворыку на вуліцы Вялікая Траецкая з некалькімі кропкамі грамадскага харчавання. Планы па абнаўленні аб’екта абмеркавалі ва ўпраўленні будаўніцтва і архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама.
Паводле праекта, да існуючага будынка плануецца прыбудаваць новы аб’ём. Такім чынам пашыраць прастору для ўстаноў грамадскага харчавання, паведамляе Гродзенскі гарвыканкам.

Прыбудаваныя памяшканні будуць у сучасным архітэктурным стылі. Існуючы ж будынак адносіцца да эклектыкі. На другім і трэцім паверхах хочуць абсталяваць бізнес-апартаменты.
Праект рэканструкцыі прадставіў малады архітэктар. Экспертны савет падтрымаў ідэю і адобрыў прапанаваную канцэпцыю абнаўлення будынка.

Зараз у гэтым доме знаходзіцца кальян-бар «The Штаб» і піцэрыя «Форна».




