Сэрвіс Acutis AI пазіцыянуецца як бяспечны інструмент, які дзейнічае ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі і каталіцкай дактрынай. Распрацаваны двума амерыканскімі братамі-католікамі інструмент пачаў працаваць у лютым 2026. Рэдакцыя партала Katolik.life правяла тэсціраванне новай каталіцкай платформы штучнага інтэлекту.
Вынікі тэсту Acutis AI: выдатная мова і факталагічныя хібы
Падчас выпрабаванняў высветлілася, што чат-бот выдатна валодае беларускай мовай. Ён здольны адказваць без граматычных памылак і весці асэнсаваны дыялог. Сярод асноўных плюсаў рэдакцыя адзначыла:
- Духоўная дапамога: Acutis AI добра спраўляецца з пытаннямі на маральныя і духоўныя тэмы, даючы разгорнутыя і «мудрыя» парады, заснаваныя на каталіцкім веравучэнні.
- Тэалагічная дакладнасць: Чат-бот можа дапамагчы ў вывучэнні Святога Пісання, рэфлексіі і вырашэнні складаных жыццёвых сітуацый згодна з вучэннем каталіцкай царквы.
- Спецыялізаваны падыход: У адрозненне ад звычайных AI-мадэляў, гэты «ChatGPT для католікаў» наладжаны на працу з павагай да веры карыстальнікаў.
Аднак былі выяўлены і істотныя мінусы. Галоўны з іх — магчымыя факталагічныя памылкі ў пытаннях, што тычацца сучасных падзей. Напрыклад, падчас тэсту Acutis AI няправільна назваў дату і прычыну закрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску, хоць пры паўторным запыце амаль выправіў гэтую памылку.


Для беларусаў гэты сэрвіс можа быць карысным як «лічбавы дарадца», які ў пэўных выпадках здольны замяніць кансультацыю са святаром па пытаннях веры. Але рэдакцыя Katolik.life усё роўна раіць заўсёды правяраць факты праз надзейныя крыніцы.
Хто і як стварыў Acutis AI
Платформу Acutis AI стварылі ў ЗША два браты — Пітэр і Томас Куні. Пітэр з’яўляецца студэнтам-эканамістам ва Універсітэце Даласа, а Томас вывучае камп’ютарныя навукі ва Універсітэце Бэйлара. Яны распрацоўвалі сэрвіс у вольны ад вучобы час, каб даць каталікам інструмент, які б не супярэчыў іх перакананням.
Сэрвіс названы ў гонар кананізаванага ў 2025 годзе святога Карла Акуціса. Гэта быў італьянскі падлетак, які пры жыцці актыўна выкарыстоўваў тэхналогіі для пашырэння веры. Стваральнікі бачаць сваю місію ў тым, каб зрабіць інтэрнэт-прастору больш бяспечнай для дзяцей і падлеткаў, даючы бацькам кантроль над тым, якую інфармацыю атрымліваюць іх дзеці.
Ватыкан распрацоўвае свой каталіцкі штучны інтэлект
Распрацоўка “рэлігійных” нейрасетак стала адказам на выклікі сучаснасці. Ватыкан і асабіста Папа Леў XIV падтрымліваюць укараненне ШІ. Прыкладам маштабнага і афіцыйнага каталіцкага праекта з’яўляецца Magisterium AI, заснаваны канадцам Мэцью Харві Сандэрсам у Рыме. Гэтая сістэма навучана выключна на першакрыніцах: папскіх энцыкліках, матэрыялах сабораў і афіцыйных царкоўных дакументах.
Большасць карыстальнікаў Magisterium AI — “прафесіянальныя” католікі: святары, якія рыхтуюць пропаведзі, біскупы, прафесары духоўных семінарый і супрацоўнікі канцылярый. Але платформай усё часцей карыстаюцца і вернікі-католікі, асабліва на Захадзе, якія маюць асабістыя маральныя пытанні.
Каталіцкай царкве такія распрацоўкі патрэбныя, каб вырашыць некалькі праблем. Па-першае, гэта скарачае дыстанцыю і дае святарам і вернікам хуткі доступ да інтэлектуальнай традыцыі касцёла. Самастойна ж ніхто не будзе штудзіраваць сотні старонак папскіх энцыклік ці дакументаў сабораў. Па-другое, такі ШІ дапамагае людзям, якія саромеюцца абмяркоўваць свае праблемы (напрыклад, залежнасці або сумневы) з жывым чалавекам на першым этапе. Але галоўная праблема, якая такім чынам вырашаецца, гэта дакладнасць. Адмыслова навучаныя мадэлі імкнуцца пазбягаць «галюцынацый» і памылак, якія часта даюць агульнадаступныя мадэлі накшталт ChatGPT пры адказах на тэалагічныя пытанні.
Былі і няўдалыя і скандальныя спробы стварыць «каталіцкі штучны інтэлект». У 2024 годзе ў амерыканская арганізацыя Catholic Answers запусціла чат-бот Justin у вобразе святара. Неўзабаве ён пачаў называць сябе сапраўдным святаром і “адпускаць грахі” карыстальнікаў. Тады яго прыйшлося перавесці ў “свецкі рэжым”.




