Фільм «Валадар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка» у беларускім дубляжы пакажуць у кінатэатры Mooon. Гродзенцы змогуць паглядзець стужку рэжысёра Пітэра Джэксана на вялікім экране. Сеансы прымеркавалі да 25-годдзя сусветнай прэм’еры, якая адбылася зімой 2001 года. 

Кінатэатр Mooon у ГЗК Triniti будзе паказваць «Валадара пярсцёнкаў» з 14 па 18 лютага. Цана білетаў — ад 16 руб. «Валадар пярсцёнкаў» па-беларуску пакажуць менавіта ў поўным дубляжы, а не з субтытрамі ці закадравай агучкай.

Працягласць сеансу — 3,5 гадзіны. Гэта на 50 хвілін даўжэй за звычайную кінатэатральную версію. У рэжысёрскай версіі гледачы ўбачаць дадатковыя сцэны, якія паглыбляюць сюжэт і больш дакладна раскрываюць персанажаў. 

Мінчане раскупаюць квіткі, гродзенцы – не 

Паказ “Валадара пярсцёнкаў” таксама адбудзецца ў Мінску. Паводле інфармацыі з сайта Mooon, на 14 лютага ў сталіцы запланавана чатыры сеансы. На адзін з іх квіткі амаль разабралі (засталося тры вольных месцы), на астатнія сеансы квіткі выкуплены напалову. 

У Гродне адзін з паказаў таксама будзе 14 лютага – выкупілі ўсяго 11 месцаў. 

Гродзенцам паказвалі «Хронікі Нарніі» і «Тэрмінатара» па-беларуску 

Раней у краіне дзейнічаў праект «Беларускія ўікэнды». Яго аўтары  ў супрацоўніцтве з артыстамі перакладалі сусветнавядомыя фільмы на беларускую мову, а пасля паказвалі стужкі ў кінатэатрах. Напрыклад, у гродзенскім кінатэатры «Космас» паказвалі «Хронікі Нарніі» і «Тэрмінатар-2: Судны дзень». 

У 2019 годзе «Камсамольская праўда» паведамляла, што ў планах аўтараў быў пераклад і «Уладара пярсцёнкаў».  

Чытайце таксама: Бондарава ваюе з “Монстрамі на канікулах”. Але насамрэч гэта кіно пра сямейныя каштоўнасці