Будынак на Вялікай Траецкай, 57 у Гродне перабудуюць пад галерэю. Гэта стала вядома з грамадскіх абмеркаванняў, на якія вынеслі праект. Будынак рэканструявалі яшчэ шэсць гадоў таму, але так і не ўвялі ў эксплуатацыю. На сайце Гродзенскага гарвыканкама паведамілі пра правядзенне грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). Грамадскія абмеркаванні пройдуць у лютым-сакавіку 2026 года.

Гістарычны дом № 57 па вул. Вялікай Траецкай рэканструююць пад шматфункцыянальны будынак. Заказчык праекта — ТАА «Ева Капітал». Асноўны від дзейнасці прадпрыемства — гасцінічныя паслугі з грамадскім харчаваннем.

Што ў выніку з домам № 57 на Вялікай Траецкай

У бягучым праекце рэканструкцыі прапісаны толькі офісы і выставачная зала. На першым паверсе будынка з’явяцца выставачнае памяшканне, кабінет, тры санвузлы, на другім і мансардзе — офісныя памяшканні і па два санвузлы. У падвале размесцяць тэхнічныя вузлы — цеплавы пункт і водамерную тэхніку.

Што менавіта вынеслі на грамадскія абмеркаванні

На грамадскія абмеркаванні вынеслі ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) для рэканструкцыі дома. Разглядаюцца тры варыянты: рэканструкцыя з падключэннем да цэнтральнага ацяплення, рэканструкцыя з газавым ацяпленнем і адмова ад праекта.

У дакументах пазначана, што найлепшым лічыцца варыянт з цэнтральным ацяпленнем — ён, паводле ацэнкі распрацоўшчыкаў, дае менш выкідаў у атмасферу.

Адмова ад рэканструкцыі прызнана немэтазгоднай. Аўтары дакумента лічаць, што рэалізацыя праекта дазволіць аблагародзіць гістарычны цэнтр Гродна, захаваць гістарычнае аблічча будынка, павысіць якасць жыцця насельніцтва, мінімізаваць уздзеянне на кампаненты прыроднага асяроддзя.

Гасцініцы не будзе? Праект адрэстаўраванага дома ў цэнтры Гродна вынеслі на грамадскія абмеркаванні
Дом №57 па вуліцы Вялікая Траецкая. 2019 год. Фота: з архіва

Планавалі адкрыць гасцініцу

Будынак па вуліцы Траецкай павінны былі адкрыць у красавіку 2020 года. Планавалася, што там адкрыецца трохзоркавая гасцініца на 55 месцаў з барам. Знешнія работы па рэстаўрацыі старога будынка каля сінагогі доўжыліся каля чатырох гадоў.

«Мы захавалі знешні выгляд будынка на 99%. Разабралі старыя сцены па цаглінках — атрымалася 80 паддонаў. Пасля мы іх выкарысталі паўторна. Цаглінка да цаглінкі, — распавядаў у 2020 годзе ўласнік будынка Яўген. — Аднавілі ўсе элементы, якія былі згодна з гісторыка-культурнай даведкай. У нас былі сур’ёзныя цяжкасці з фундаментам, ды і сам будынак быў у крытычным стане. Спачатку мы гэта не ацанілі і зразумелі толькі калі пачалі працы. Менавіта таму і зацягнулі з тэрмінамі».

Але адкрыццё не адбылося. У 2024 годзе тэлеканал «Гродна Плюс» распавядаў, што ў межах дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» планавалі рэалізаваць некалькі інвестыцыйных праектаў. Сярод іх называлі і гасцініцу ў доме № 57 на вуліцы Вялікай Траецкай.


Будынак па Вялікай Траецкай, 57 з’яўляецца адной з самых каштоўных пабудоў у гэтым раёне. Разам з харальнай сінагогай — гэта два будынкі, што засталіся ад яўрэйскага раёна «Школьны Двор». У гэтым раёне некалі былі тры вялікія сінагогі і некалькі малітоўных школ.

Будынак па Вялікай Траецкай, 57 — гэта будынак малітоўнай школы «Кляўз», месца, дзе навучалі хлопчыкаў і дзяўчынак яўрэйскай мове і рэлігіі.

Вядома, што ў 1890 годзе гэты будынак ужо стаяў. Хутчэй за ўсё, яго пабудавалі прыкладна ў 1880-м. У пачатку XX стагоддзя тут працавала рамесная школа імя І. Брэгмана. У 1920-я гады ў будынку працавалі прыватныя настаўніцкія курсы, сямікласная школа «Талмуд Тора I». Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размяшчаўся кааператыўны тэхнікум, а пасля — яго інтэрнат.