У ізалятары для часовага ўтрымання РУУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна ў 2026 годзе чакаюць 11 550 затрыманых. Гэта стала вядома з закупкі харчавання ў ізалятар. У 2025 годзе закуплялі 13 200 сутачных порцый — на 2000 больш.

Колькасць порцый можа змяняцца ў адпаведнасці з колькасцю чалавек у ізалятары.

Усяго закупка цягне на 107 646 рублёў. Цяпер адна сутачная порцыя каштуе 9,32 рублёў. У 2025 годзе сума складала 8,96 рубля ў суткі на аднаго чалавека. Без нацэнкі сума на чалавека павысілася з 6,4 да 6,66 рублёў. На такую суму людзі ў ізалятары харчуюцца кожны дзень.

Пастаўшчык павінен дастаўляць абеды тры разы на дзень (сняданак, абед, вячэру) альбо адзін раз у дзень. Іх пастаўляюць у тэрмаёмістасцях, адпаведных санітарным нормам. Ізалятар можа прадастаўляць свае тэрмасы.

Нормы харчавання ўстаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 25.03.2021 № 169. Непаўналетнія атрымліваюць дадатак. Таксама ёсць устаноўленыя нормы замены адных прадуктаў іншымі для разнастайнасці харчавання.

Нормы харчавання ў ІЧУ. Скрыншот дакумента
Нормы харчавання ў ІЧУ. Скрыншот дакумента

З 2011 года ежу туды пастаўляла кафэ «Шансон», якое знаходзіцца па суседстве з ІЧУ на вул. Гая. У свой час некаторыя “палітычныя” затрыманыя на іх ежу скардзіліся, а кафэ тлумачыла Hrodna.life, чаму абавязаныя выконваць указанні сілавікоў.