Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў зняўся ў праграме “Рэцэпт сапраўднага беларуса” дзяржаўнага канала “СТВ”. Караеў прыгатаваў рэбры ў печы і паразважаў аб адметных рысах гродзенцаў, беларусаў і асецінаў. Прыйшоў да высновы, што “ўсе постсавецкія людзі прыкладна аднолькавыя”.
«Гродзенцы не былі за бчбесаў»
Караеў займае пасаду старшыні Гродзенскага аблвыканкама больш за паўгода. У сувязі з гэтым вядучы перадачы Аляксандр Асенка пацікавіўся ў чыноўніка, як ідуць справы ў рэгіёне.
Караеў заявіў, што ў вобласці «сцягоў [дзяржаўных] больш, чым дзе-небудзь», а таксама абверг меркаванне, што рэгіён дружалюбна настроены да палякаў.
— На генетычным узроўні жыхары гэтай мясцовасці часцей прыстасоўваліся да новай улады, чым якія іншыя. Гэта – самавыжывальнасць народа. Адгэтуль ёсць больш памяркоўнае абывацельскае стаўленне да змен. Не былі яны за бчбесаў і за «няхай Польшча нас пад сваё крыло возьме», — сказаў Караеў.
Чыноўнік таксама падкрэсліў, што свядомасць гродзенцаў нічым не адрозніваецца ад свядомасці астатніх беларусаў.
Караеў упэўнены, што гродзенцы ўмеюць аналізаваць. Таму ўсё больш жыхароў “правільна” параўноўваюць жыццё ў Беларусі і Еўропе. У прыклад ён прыводзіць бясплатную медыцыну ў Беларусі (замоўчваючы, што частка падаткаў насельніцтва якраз і ідзе на аплату медыцынскіх паслуг) і камуналку.
Беларусаў і асецін ад «заходнікаў» адрознівае хлебасольнасць
Караеў нарадзіўся ў асецінскай сям’і ва Уладзікаўказе. У Беларусі ён аказаўся пасля заканчэння расійскага вучылішча ўнутраных войскаў МУС, куды яго камандзіравалі на службу.
Па словах Караева, на радзіме ён бывае штогод. Часам прыязджае і некалькі разоў на год, калі дазваляе водпуск. Апошні раз ездзіў у лістападзе на вяселле пляменніка.
Параўноўваючы характары беларусаў і асецін, Караеў прыходзіць да высновы, што “ўсе постсавецкія людзі прыкладна аднолькавыя”.
— Калі кажуць “традыцыйная каўказская гасціннасць”, я смела скажу, што такая ж і беларуская: па гасціннасці, па ўменні накарміць. Беларусы ўсіх перавысяць. Гэта постсавецкія людзі – заўсёды хлебасольныя, гэтым ад заходнікаў адрозніваюцца. Дзе, як расказваюць, крыху арэхі, крыху садавіна – гэта не наша.
Чытайце таксама: “Без гвалту немагчыма”. Юрый Караеў распавёў у інтэрв’ю пра патрыятызм, хрышчэнне і сэнс жыцця



