Мужчына даведаўся, што яго даўні знаёмы арыштаваны па крымінальнай справе. Тады ён звярнуўся да яго жонкі і прапанаваў дапамогу. Паабяцаў дастаць мужа з турмы, заплаціўшы сілавікам грошы — на “справу” патрабавалася $13 тыс.

Мужчына настойліва прапаноўваў сваю дапамогу і абяцаў у самыя кароткія тэрміны дамагчыся вызвалення знаёмага пад падпіску аб нявыездзе, паведамляюць у прэс-службе Следчага камітэта.

Жонка арыштаванага перадала $6 тыс., а таксама 3 тысячы бел. руб. — астатнюю суму жанчына планавала аддаць пазней. Мужчына запэўніваў, што перадасць грошы супрацоўнікам праваахоўных органаў — так доўжылася некалькі тыдняў.

У сярэдзіне студзеня жанчына запатрабавала вярнуць грошы. Мужчына адмовіўся гэта зрабіць і заявіў, што яна можа ісці ў міліцыю.

У выніку распачалі крымінальную справу. Абвінавачаны прызнаў віну і растлумачыў, што ў яго быў доўг у памеры каля $40 тыс. Ён баяўся ціску з боку крэдытора, таму вырашыў атрымаць грошы падманам. Суму $13 тыс. назваў адвольна.

Следства ўстанавіла, што мужчына афіцыйна працаўладкаваны і займае кіруючую пасаду ў прыватнай кампаніі.

Фігуранту прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 209 КК (Махлярства, учыненае ў буйным памеры). Мужчына знаходзіцца пад вартай.

Чытайце таксама: Гродзенка хацела купіць навагоднюю ёлку восенню – яе падманулі