Апошні раз бацька гродзенскага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута атрымаў ад яго ліст у канцы снежня 2025 года. Пра гэта ён распавёў польскаму парталу WP Wiadomości. Паводле яго слоў, Пачобут зноў знаходзіцца ў ізаляцыі, у яго праблемы са здароўем — арытмія і гіпертанія, а вага знізілася да 70 кілаграмаў.

Надзеі на вызваленне, якія не спраўдзіліся

У снежні 2025 года ў Беларусі памілавалі 123 палітвязні, сярод якіх Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. Анджэй Пачобут у гэты спіс не трапіў.

«Калі пачалі вызваляць людзей, мы спадзяваліся, што Анджэй будзе сярод іх. Але гэтага не адбылося», — кажа яго бацька. — «Мы засталіся з жонкай удвух, мы ўжо ў гадах. Амаль нікуды не выходзім. Максімум — на шпацыр вакол дома, але зараз моцна насыпала снегу. І што нам рабіць? Літаральна сядзім і глядзім у акно. Кожны дзень — гэта трывога. Нам цяжка змірыцца з думкай, што мы не можам дапамагчы сыну. Мы бездапаможныя. Я часам думаю пра тое, што калі Анджэй быў маленькім хлопчыкам, мы як бацькі маглі пра яго паклапаціцца. А што мы можам зрабіць для яго зараз? Нічога».

«У вялікай палітыцы мой сын — дробная манета»

Што тычыцца намаганняў ЗША наконт вызвалення Анджэя, яго бацька заўважае, што «шуму шмат, але ў асноўным гэта для газет і тэлебачання. Гэты шум не прыносіць ніякіх вынікаў. Усю справу даверылі спадару з-за акіяна, які не вызначаецца шляхетнасцю. З боку Амерыкі няма вялікага старання вызваліць Анджэя. Ён для іх нічога не значыць. Ёсць вялікая палітыка і “маленькі” чалавек».

Таксама ён распавёў, што значна большую крыўду, чым зараз, ён з жонкай Вандай адчуваў летам 2024 года. Тады ў Анкары адбыўся абмен зняволенымі паміж Беларуссю, Расіяй і Захадам. Выпусцілі расійскага шпіёна Паўла Рубцова.

«І тут справа не ў маім сыне, а ў тым, што Польшча магла б прапанаваць Лукашэнку. Лукашэнка нават сказаў, што “вызваленне Пачобута — гэта пытанне паміж ім і Польшчай”. Але зараз няма нікога, на каго можна было б абмяняць Анджэя».

Ён таксама адзначыў, што не верыць у тое, што Анджэй атрымліваў нейкія «прапановы ад Лукашэнкі». «Калі б такая прапанова паступіла, ён бы не прыняў яе. Ён не здрадзіць сваім ідэалам».

«Ён зноў у ізаляцыі». Бацька гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута распавёў пра яго здароўе і надзеі на вызваленне
Ванда і Станіслаў Пачобуты. Фота: wiadomosci.wp.pl, з асабістага архіва

«Мы трохі падманваем адзін аднаго дзеля любові»

Апошні ліст ад Анджэя Пачобута датаваны 23 снежня 2025 года. У ім журналіст пісаў бацькам:

«Дарагія мама і тата! У мяне ўсё стабільна. Настрой у норме, паціху пачынаю адчуваць святочную атмасферу дзякуючы радыё. Шкада, замежныя мовы тут забароненыя — я б падцягнуў англійскую, а так чытаю вершы. Думкамі я з вамі і буду з вамі за святочным сталом. З любоўю, Анджэй».

Бацька журналіста Станіслаў Пачобут адзначае, што сын стараецца не пісаць пра цяжкасці: «Ён напісаў нам у лісце, што рады за іншых, хто здабыў свабоду. Вельмі шмат чытае, і гэта для яго выратаванне. Дзякуючы літаратуры час для яго неяк ідзе, ён можа рухацца далей. У ім няма вялікага чакання, што з дня на дзень яго вызваляць. Вядома, у турме пануе цэнзура, таму ўсяго ён перадаць не можа.

Акрамя таго, калі ў Анджэя здараецца нешта дрэннае, ён дзеліцца гэтым са сваёй жонкай, а нас стараецца берагчы. Мы таксама пішам яму, што ў нас усё добра і што мы здаровыя. Трохі падманваем адзін аднаго. Але робім гэта дзеля любові. Мы не хочам засмучаць сына, а ён — бацькоў».

«Ён зноў у ізаляцыі». Бацька гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута распавёў пра яго здароўе і надзеі на вызваленне
Святлана Ціханоўская з партрэтам Анджэя Пачобута на сесіі Еўрапарламента. Фота: скрын з відэа

Зноў ізаляцыя і праблемы са здароўем

Паводле слоў Станіслава Пачобута, ментальна яго сын застаецца стойкім, аднак фізічны стан выклікае трывогу. «Ён важыць каля 70 кілаграмаў, у яго арытмія і гіпертанія. Мы не ведаем, ці атрымлівае ён лекі. Паводле нашай інфармацыі, Анджэй зноў у ізаляцыі — гэта турма ўнутры турмы», — распавёў бацька.

Асабістая драма сям’і

Сам Станіслаў Пачобут прызнаецца, што яго здароўе пагаршаецца: з-за дыябету ён губляе зрок і з цяжкасцю перасоўваецца. Падтрымкай для яго застаецца жонка Ванда. «Чаго я жадаю? Каб Анджэй быў свабодны і здаровы. А сабе — толькі аднаго: паспець убачыць сына да таго, як я канчаткова аслепну», — сказаў ён.

Хто такі Анджэй Пачобут

Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года.

Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыя, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».

Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага 2023 года — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасля вызвалення Пачобута. Нядаўна лідарка Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася з Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі. Сустрэча доўжылася каля паўтары гадзіны.

У кастрычніку мінулага года стала вядома, што Анджэй Пачобут атрымаў прэмію імя Сахарава.