Асацыяцыя літоўскіх перавозчыкаў “Лінава” не плануе звяртацца ў беларускі суд, каб вырашыць праблему з «грузавым крызісам», піша «Наша Ніва». Літоўскія фуры засталіся ў Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2025 года, з таго часу перавозчыкі губляюць грошы і спрабуюць вярнуць грузавікі назад.

Паводле слоў прэзідэнта літоўскай асацыяцыі перавозчыкаў Эрландаса Мікенеса, судзіцца ў Беларусі практычна немагчыма з-за прававой сістэмы.

«Беларусі іскаў мы не выстаўляем. Мы ўзаемадзейнічаем з некаторымі беларускімі інстытуцыямі на ўзроўні асацыяцый і цалкам разумеем, якая там дзяржава, якое прававое “беззаконне”. Падаецца, што магчымасці для судовых разглядаў там у нас проста няма».

Таксама не будуць судзіцца з уладамі Літвы – паспрабуюць выйсці з крызісу шляхам дамоўленасцяў. Мікенес дадаў, што перавозчыкі не атрымліваюць прамой інфармацыі аб тым, якія крокі літоўскія ўлады робяць для таго, каб вярнуць грузавікі з Беларусі. Таму перавозчыкам падаецца, што іх праблемы ігнаруюць.

Тым не менш, пасля кансультацыі з юрыстамі прадпрымальнікі змянілі сваю пазіцыю.

Чаму літоўскія грузавікі засталіся ў Беларусі?

У пачатку лістапада 2025 стала вядома, што на тэрыторыі Беларусі аказаліся “заблакаванымі” 4,5 тыс. транспартных сродкаў — ад 1,5 да 2 тыс. грузавікоў і каля трох тысяч паўпрычэпаў. Ім, пасля рашэння Літвы аб закрыцці межаў, абмежавалі рух па тэрыторыі Беларусі – перасякаць мяжу яны маглі толькі на беларуска-літоўскім участку, які і быў зачынены.

Пазней Беларусь пагадзілася выпусціць грузавікі праз пагранічны пераход Мядзінінкай. Там за суткі з 6 на 7 лістапада праехала 218 грузавікоў – амаль у 2,5 разы больш, чым звычайна прапускаюць праз гэты пункт пропуску.

Усплыла яшчэ адна праблема. Беларускія службы прапускалі літоўскія грузавікі і грамадзян назад толькі праз тыя памежныя пункты, праз якія яны раней заехалі, што ўскладніла вяртанне транспарта ў Літву — у Беларусі засталося больш за 1200 грузавікоў на літоўскіх нумарах.

Чытайце таксама: Страты ў 100 млн еўра, акцыя пратэсту ў Вільні і новыя правілы для фур у Беларусі. Што адбываецца з «грузавым» крызісам