Гродзенскі гісторык і прафесар Вячаслаў Швед выдаў кнігу «Гісторыя Гродна. Энцыклапедыя», прысвечаную гісторыі горада над Нёманам. Працу над выданнем аўтар завяршыў у 2022 годзе, энцыклапедыя будзе даступная чытачам у электроннай версіі.

Кніга апублікаваная на сайце выдавецтва Варшаўскага ўніверсітэта.

У анатацыі да выдання адзначаецца, што Гродна — горад з больш чым тысячагадовай гісторыяй, які перажыў войны і перыяды росквіту, і заслугоўвае ўласнай энцыклапедыі. Аўтар імкнуўся паказаць гісторыю горада праўдзіва і аб’ектыўна, абапіраючыся на даступныя крыніцы і навуковую літаратуру. Кніга напісана на беларускай мове.

Паводле інфармацыі ўніверсітэта, Вячаслаў Швед працуе на факультэце прыкладной лінгвістыкі і ў Інстытуце інтэркультурных даследаванняў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Гродзенскі прафесар Вячаслаў Швед, звольнены з універсітэта, выдаў энцыклапедыю пра Гродна
Вокладка кнігі. Фота: wuw.pl

Гісторык Гродна і ўніверсітэцкая кар’ера

Вячаслаў Швед скончыў гістарычны факультэт БДУ ў 1979 годзе. Больш за 30 гадоў яго навуковая і выкладчыцкая дзейнасць была звязана з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, дзе ён працаваў прафесарам, загадваў кафедрай беларускай культуры і рэгіянальнага турызму.

Ён абараніў кандыдацкую дысертацыю ў 1984 годзе і доктарскую — у 2001-м, спецыялізуючыся на гісторыі Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў..

Падручнік «Гродназнаўства» і звальненне ў Гродне

Адным з ключавых праектаў Шведа стала кніга «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада» — першы ў Беларусі падручнік па гісторыі канкрэтнага горада, створаны для школьнага курса «Гродназнаўства». Аднак менавіта з-за гэтай кнігі прафесар быў звольнены з Гродзенскага ўніверсітэта.

Пасля выхаду кнігі яе асобнікі былі канфіскаваныя, а сам прафесар у 2013 годзе быў звольнены з універсітэта. Прафесар публічна заявіў, што звальненне насіла палітычны характар, і выступіў з адкрытым лістом да сваіх калег, дзе папрасіў аб дапамозе.

«Маё звальненне з’яўляецца палітычным рашэннем — помстай за выдадзеную кнігу «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада». Гэта кніга была напісана па маёй ініцыятыве, я стварыў калектыў аўтараў, кіраваў ім, напісаў больш за палову кнігі, рэдагаваў яе».

Швед адзначаў, што падручнік двойчы выдаваўся ў Гродзенскім універсітэце, а трэцяе выданне выйшла ва Уроцлаве ў друкарні Польскай акадэміі навук пасля таго, як у аблвыканкаме не ўдалося атрымаць фінансаванне. Мясцовыя ўлады тады абвінавацілі яго ў «падпольным выданні» кнігі. Прафесар назваў абвінавачванні неабгрунтаванымі і падкрэсліваў, што ў Польшчы была выдадзена кніга, а не падручнік.

Навуковая праца за межамі Беларусі

Пасля звальнення, паводле слоў гісторыка, ён не мог два гады ўладкавацца на працу ў Беларусі. У 2015 годзе ў Польшчы быў адкрыты Цэнтр беларускіх даследаванняў для беларускіх навукоўцаў, звольненых па палітычных матывах. Ініцыятарамі стварэння цэнтра сталі Вячаслаў Швед і Алесь Смалянчук.

Пазней стала вядома, што цэнтр будзе падтрымліваць МЗС Польшчы.