Кампанія greenriver.by, якая арганізуе паходы і сплавы, распрацавала гарадскі квэст па Гродне для самастойнага праходжання. Удзельнікам прапануюць прайсці маршрут з заданнямі-галаваломкамі, якія дапамогуць «даведацца пра горад больш, прагуляцца па самых незвычайных яго закутках і захапляльна правесці час».
Квэст разлічаны прыкладна на 4–5 гадзін. Усе 10 заданняў змешчаны ў канверце, і кожнае з іх падказвае, куды рухацца далей і што трэба зрабіць у наступнай кропцы маршруту. У кампаніі падкрэсліваюць, што працавалі над галаваломкамі доўга, каб зрабіць працэс максімальна цікавым.
Заданні знаходзяцца ў спецыяльным канверце, набыць які можна ў кампаніі. Кошт складае 50 рублёў, але ёсць зніжкі.
«Вам давядзецца стаць дэтэктывамі, пагуляць па горадзе і разгадаць галоўную таямніцу квэста. А калі сабраць сяброў, будзе яшчэ весялей і цікавей», — гаворыцца ў апісанні набору.

Падчас праходжання ўдзельнікам даступны чат-бот, які дапамагае пры цяжкасцях і правярае адказы. Прайсці маршрут можна як паасобку, так і кампаніяй. Яго распрацавалі яшчэ два гады таму, але актыўна папулярызаваць пачалі ў снежні 2025 года.
Калі ж вы не хочаце самастойна блукаць па закутках абласнога цэнтра, ёсць альтэрнатыва. Напрыклад, можна запісацца на квест-экскурсію “Тайны Гродно”. Гэта тэатралізаваны сіці-тур з элементамі анімацыі, які праходзіць у вячэрні час.
Экскурсія праходзіць у аўдыяфармаце, усе ўдзельнікі апранаюць мантыі і разам з экскурсаводам праходзяць па знакавых месцах горада. Кошт такой прагулкі-квэста — 65 рублёў з чалавека.



