Гродзенскага экскурсавода Міхаіла Нарынкевіча можна часта сустрэць на вуліцах Гродна. Яго пазнавальны ільняны балахон адразу прыцягвае ўвагу. Як Міхаіл зацікавіўся гісторыяй, дзе ў горадзе яго месца сілы і якія месцы ў Гродне самыя недаацэненыя, даведаліся стваральнікі аўдыягіда Pabach Hrodna, для якога Міхаіл распрацоўвае маршруты. 

Як зацікавіўся гісторыяй

Міхаіл зацікавіўся гісторыяй у дзяцінстве, калі жыў ў раёне вуліцы Дамброўскага.

“…там у нас ёсць такое цікавае месца – Крэйдавыя горы, ля якіх знаходзіцца ручай. Начытаўшыся Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, я па гэтым ручаі ад канцавой Дамброўскага даходзіў аж да ўпадзення яго ў Нёман. Там знаходзіў бэлемніты [вымерлыя галаваногія малюскі – Hrodna.life], якія ёсць у крэйдавых пародах”.

Так Міхаіл пачаў чытаць артыкулы гродзенскіх краязнаўцаў пра крэйдавы перыяд.  Пасля гэтага ён вырашыў паступіць ва ўніверсітэт на гістарычны факультэт. 

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Як пачаў праводзіць першыя экскурсіі

Першыя экскурсіі хлопец праводзіў для сяброў і сваякоў, якія прыязджалі ў Гродна.

“Людзі прыходзілі, давалі тэлефоны: там прыедзе траюрадная цётка, трэба распавесці; прыедуць сябры. І так атрымлівалася, што амаль усю суботу-нядзелю я хадзіў па горадзе і распавядаў гісторыі. А потым мне сказалі: “Ты там распавядаеш, а сертыфікатаў і дакументаў няма”. Парэкамендавалі, каб з’ездзіў і атрымаў дазвол на правядзенне экскурсій афіцыйна”.

Праца ў архіве – галоўная для гісторыка, але выходзіць у людзі цікавей

Міхаіл працаваў з дзецьмі ў гуртку краязнаўства, таксама спрабаваў працаваць у архіве. На яго думку, гэта самая галоўная праца гісторыка – “пакінуць пасля сябе нейкія кніжкі, артыкулы”. Але гэта яму не так падабалася, як “выходзіць у людзі, размаўляць з імі, дыскусіі нейкія весці, шукаць разам “разыначкі” горада”.

Першая экскурсія Міхаіла была камбінаваня: ён праводзіў яе разам са старэйшым таварышам, які ўжо працаваў гідам. Тады Міхаіл расказваў пра Давыда Гарадзенскага, князя Вітаўта і Грунвальдскую бітву.

Паказвае старыя манеты, дакументы і газеты

Зараз Міхаіл праводзіць экскурсіі, на якія ён акрэдытаваны. Напрыклад, экскурсію “Старажытны Гарадзень” – гэта аглядная экскурсія па горадзе і ў накірунку Аўгустоўскага канала.

У час экскурсіі Міхаіл можа апрануцца пад сярэднявечча, выкарыстоўваць не толькі ілюстрацыі, але і манеты, купюры, дакументы. Напрыклад, званочак 1930-х альбо газету 1950-х гадоў. 

“Большасць прадметаў з савецкага перыяду. Паказваю, што адбывалася, як чыталі, як гэта трактавалася”, — кажа Міхаіл. 

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Чытайце таксама: Гродзенскі экскурсавод на стогадовым «Нёмане» стаў удзельнікам міжнароднага рэтравелапрабегу

Якія бываюць экскурсіі па Гродне: з інтэрактывам, з ежай, вечаровыя і з квэстамі

Самая запатрабаваная экскурсія зараз — аглядная па Гродне, кажа Міхаіл.

“А раней мы вельмі шмат рабілі інтэрактыўных экскурсій. Яны былі з рыцарскімі клубамі ў першую чаргу”, — распавёў Міхаіл. Падчас такой экскурсіі некалькі персанажаў былі апранутыя ў сярэднявечныя строі. Таму Міхаіл і расказваў пра строі, пра тагачасныя гульні, у якія можна было нават пагуляць у час шпацыру. “Можа пабіць ворага, але ж мяккім мячом, каб не было нейкіх траўмаў”, – узгадвае ён інтэрактыўныя элементы.

Чытайце таксама: Будуць караць за адступленне ад тэмы. Як працуюць новыя правілы праверкі экскурсаводаў

“У ходзе экскурсіі ў нас ёсць станцыі традыцыйнай ежы: гэта можа быць сярэднявечная, беларуская ці нават гарадзенская. І традыцыйныя напоі: больш моцны напой ці нешта безалкагольнае, напрыклад, зёлкавая гарбата”. 

Акрамя дзённай экскурсіі ёсць і вечаровая інтэрактыўная. Яна больш рамантычная і пабудавана на байках і легендах, кажа Міхаіл. Турыстаў суправаджаюць некалькі персанажаў, ёсць квэставыя заданні, якія трэба выконваць.

Што ў Гродне недаацэнена

Самыя недаацэненыя месцы ў Гродне паводле Міхаіла — Новы свет, Фолюш і ўсе мікрараёны.

“Ласасянка, Аўгустоў, занёманскі фарштат, загарадныя рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага каля чыгуначнага вакзала і ў Панямуні. Калі браць цэнтр горада, гэтага старажытныя могілкі: праваслаўныя, каталіцкія і вайсковыя”. 

Інтэрактыўныя экскурсіі, сярэднявечны балахон і самыя недаацэненыя месцы горада. Гродзенскі экскурсавод расказаў пра сваю працу
Міхаіл Нарынкевіч. Крыніца: Pabach Hrodna

Чытайце таксама: «А вы думалі – звычайны спальнік». Адзіная экскурсія Фэста экскурсаводаў за межамі цэнтра прайшла на Дзевятоўцы

Акрамя гэтага ў Гродне ёсць недаацэненныя прыродныя аб’екты: парк Пышкі, парк Салы, Крэйдавыя горы. “Глядзець – не пераглядзець”, – сказаў Міхаіл.  

Самая адметная асоба для горада – хто гэта?

На думку Міхаіла, самая адметная асоба, якая паўплывала на Гродна – Стэфан Баторый.

“Ён адбудаваў той жа Стары замак – нашу візітоўку на сённяшні момант. У яго часы пабудавана сінагога – адна з самых галоўных “разыначак” не толькі нашага Гродна, але і Беларусі, і Усходняй Еўропы. Баторый запрасіў сюды ордэн езуітаў, які забудаваў адзін з галоўных сімвалаў Гродна – Фарны касцёл, пры ім – калегіум і аптэку. Тая ж карчма, дзе зараз у сутарэннях знаходзіцца кавярня”, – распавёў Міхаіл.

Сярод адметных гродзенцаў Міхаіл вылучыў не толькі мужчын. Ён назваў таксама Элізу Ажэшку.

“Хоць яна і гаварыла: “Я полька”, і асэнсоўвала сябе з польскай культурай, але сэрца было заўжды ў Гродне. У нас мульцікультурны горад, шмат нацыянальнасцей;  гэта можа быць і беларус, і рускі, і паляк, і яўрэй, але ж ён сам гарадзенец”.

Таксама сярод знакамітых жанчын Міхаіл узгадаў дырэктарку тэатра Саламею Дэшнер і скрыпачку Тэафілію Баркоўскую.

Дзе месца сілы Міхаіла Нарынкевіча

Міхаіл любіць прыроду. Месца сілы для яго — лесапарк Пышкі. “Менавіта раён Крэйдавых гор, таму што там вельмі адчуваецца гісторыя і геалогія”.