Па памілаванні 13 снежня вызвалілі 123 палітвязняў. Сярод іх — 13 жыхароў і ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці. Telegram-канал «Право имеют» паглядзеў, хто гэтыя людзі.
У Беларусі памілавалі 123 палітвязняў. Сярод вызваленых — лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Аляксандр Фядута, Максім Знак. Узамен ЗША знялі санкцыі з беларускага калію.
Каго вызвалілі 13 снежня з Гродзенскай вобласці
Аляксей Багдзей, бармэн з Гродна. У пачатку ліпеня 2022 года Аляксея асудзілі на шэсць гадоў калоніі за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Уладзімір Гарох. Жыхар Навагрудка. Быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па справе аб нібыта планаваных беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яго асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Кірыковіч. Жыхар Ліды, да затрымання працаваў у «Баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі» і ў лакаматыўным дэпо Ліды. Паводле трох крымінальных артыкулаў - ч. 2 арт. 366 КК (Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак), ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) — яго асудзілі на 4,5 гады калоніі.

Кацярына Мендрык. Ураджэнка Ліды. Затрыманая за салідарнасць з палітвязнямі. Яе асудзілі на тры гады калоніі паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361−4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Дыяна Міхайліна. Родам з Ліды. Асуджаная ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 3 арт. 361−1 КК (уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання) — дакладны тэрмін невядомы.

Павел Абозны. Нарадзіўся ва Украіне. Чэмпіён Еўропы па кікбоксінгу. Яго затрымалі за жаданне далучыцца да палка Каліноўскага. Асуджаны на пяць гадоў калоніі.

Валянцін Панасік 5 студзеня 2022 года быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўлення.

Аляксей Развадоўскі. Быў асуджаны ў судзе Ваўкавыскага раёна паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і ч.2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Прысуд: 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Максім Сенік. Сябра незалежнага прафсаюза «Гродна Азот», быў затрыманы ў Гродне за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і за рэпосты ў сацыяльных сетках. Асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксандр Фядута. Палітолаг, літаратуразнаўца. Быў затрыманы ў Маскве 12 красавіка 2021 года ў рамках справы аб спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Яму было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вячаслаў Янюк. Яго абвінавацілі ў масавых беспарадках паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна асудзіў яго на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Павел Ясны. Быў асуджаны ў Гродзенскім абласным судзе па ч.1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці або варажнечы), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Верагодней за ўсё, быў асуджаны ў пачатку 2025 года.
Аляксандр Яшкін. Яго абвінавацілі паводле пяці артыкулаў КК: ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі); арт. 361−2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021); ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо удзел у іх). У Гродзенскім абласным судзе 4 студзеня 2024 года вынесены прысуд — чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Чытайце таксама: У Беларусі памілавалі 123 зняволеных, сярод іх — Марыя Калеснікава, Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка і гродзенец Аляксандр Фядута (абноўлена)



