Пенсіянерку Ірыну Панасік аштрафавалі за атрыманне замежнай дапамогі. Яна атрымала прадуктовы набор ад «INeedHelpBY», які купілі праз інтэрнэт-краму «Еўраопт». Верагодна, гэта маці палітвязня Валянціна Панасіка, асуджанага на шэсць гадоў калоніі.

Суд палічыў, што Ірына звязалася з «INeedHelpBY», якая пазней была прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Яна падала дакументы з прысудам сына. І атрымала тавары на 282,84 рублёў. Так яна нібыта прычыніла шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам і парушыла абз.2 п. 2 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.05.2020 № 3 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» (у рэдакцыі ад 08.11.2021 № 7).

Ірына віну не прызнала. Суд Ленінскага раёна 15 сакавіка пастанавіў аштрафаваць яе на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) і спагнаць дзяржаве кошт дапамогі — 282,84 рублёў. Таксама ў яе канфіскуюць тэлефон.

Валянцін Панасік 5 студзеня 2022 года быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўлення. Трапіў у спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» — яму забароненыя грашовыя пераводы. Утрымліваўся ў гродзенскай турме № 1, Цяпер — у бабруйскай ПК № 2.

Як мінімум восем жыхароў Гродзенскай вобласці судзілі за атрыманне замежнай дапамогі. Усяго ў Беларусі вядома пра 127 судоў па справах, звязаных з «INeedHelpBY». Сярод іншага, іх абвінавачваюць у тым, што яны «неправамерна легітымізавалі злачынцаў», надаючы ім «псеўда-статус палітвязняў».

Чытайце таксама: «Псеўда-статус палітвязняў». Яшчэ двух гродзенцаў аштрафавалі і прымусілі вярнуць грошы ад INeedHelpBY