Актывістка Анжаліка Борыс больш не ўзначальвае Саюз палякаў Беларусі. Пра гэта стала вядома з яе інтэрв'ю выданню «СБ — Беларусь сегодня». Пры гэтым арганізацыя, якой Борыс кіравала шмат гадоў, так і не была афіцыйна прызнана беларускімі ўладамі.
Што сказала Борыс у інтэрв'ю дзяржвыданню
Дзяржгазета паведамляе, што Анжаліка Борыс — «былая старшыня Саюза палякаў Беларусі, а цяпер дырэктар школы польскай мовы „Палоніка плюс“». Выданне публікуе частку інтэрв'ю, дзе Анжаліка кажа пра тое, што ў Беларусі няма ўціску этнічных палякаў.
— Усе касцёлы адкрытыя, будуюцца новыя. Службы там ідуць і на польскай мове. Дзеці таксама вывучаюць польскую мову, ніхто не забараняе нам праводзіць нацыянальныя абрады, шматлікія мерапрыемствы. Мы такія ж грамадзяне, як астатнія. Далей. У Беларусь ахвотна едуць турысты з Польшчы, у тым ліку па бязвізе. Яны тут адпачываюць, атрымліваюць нейкія медыцынскія паслугі, падарожнічаюць па прыгожай, дагледжанай краіне.
Гаворачы пра працу школы «Палоніка плюс», Анжаліка Борыс дадала:
— Асобным радком хачу падзякаваць кіраўніцтву Беларусі, якое дае магчымасць этнічным палякам, як і прадстаўнікам усіх іншых нацыянальнасцяў і народнасцяў (а іх больш за 100!), захоўваць сваю ідэнтычнасць. Зараз у нас больш за 400 дзяцей, якія вывучаюць польскую мову. А па ўсёй краіне іх звыш 3000. Скажу таксама, што ўсе планы і праграму навучання мы ўзгадняем з аддзелам адукацыі Гродзенскага гарвыканкама. Гэта нармальная практыка. Кажу вам у тым ліку як педагог па адукацыі.
Чаму ў Беларусі з’явілася два Саюза палякаў і адзін з іх так і не прызналі
Грамадская арганізацыя Саюз палякаў Беларусі з’явілася яшчэ ў 1988 годзе. У першыя гады незалежнасці ў арганізацыі атрымлівалася пабудаваць нармальныя адносіны з беларускімі ўладамі. Напрыклад, удалося пабудаваць дзве польскія школы (у Гродне і Ваўкавыску), 16 польскіх дамоў у розных гарадах Беларусі. З’явіліся газета і часопіс на польскай мове, польскія фальклорныя калектывы, адкрыліся курсы польскай мовы. Пра гэта Анжаліка Борыс расказвала ў інтэрв'ю выданню «Еўрарадыё» ў 2018 годзе.
У 2005 годзе беларускія ўлады не прызналі вынікі выбараў старшыні Саюза палякаў Беларусі і прызначылі новы з’езд. Аднак частка членаў арганізацыі адмовілася ўдзельнічаць у паўторным галасаванні, пасля чаго з’явіліся два Саюзы палякаў. З таго года гэты саюз не прызнаецца афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Ім стала кіраваць Анжаліка Борыс.
— У 2005 годзе я атрымала прапанову балатавацца на пазіцыю старшыні Саюза палякаў Беларусі. За мяне прагаласавалі, але ўлады не прызналі выбараў. І раптам я трапіла ў эпіцэнтр вялікай палітыкі — пачаўся ціск. Я была зусім не падрыхтаванай да такога павароту падзей. Аднойчы ўначы атрымала СМС-ку, што мяне чакае лёс Ганчара і Завадскага, калі не супакоюся. Я тады нават не зразумела, пра што ідзе гаворка, я проста не ведала, хто гэтыя людзі і што з імі сталася, настолькі далёкай была ад палітыкі. У гэтым была мая памылка. Кожны чалавек мае быць палітычна адукаваным, каб намі не маглі маніпуляваць, — казала яна ў інтэрв'ю праекта PRO WOMEN.
Рэпрэсіі і крымінальная справа супраць польскіх актывістаў
Анджэй Пачобут у тым жа інтэрв'ю «Еўрарадыё» казаў, што «арганізацыя, нягледзячы на рэпрэсіі і пераслед, налічвае больш за 10 000 членаў, у яе склад уваходзяць больш за сто розных структур».
У 2021 годзе ў Беларусі пачала раскручвацца так званая «справа палякаў», па якой затрымалі Анжаліку Борыс. Яна і Анджэй Пачобут праходзілі па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»).
Борыс прызналі палітзняволенай. У турме ў яе моцна пагоршылася здароўе. 25 сакавіка 2022 года ёй змянілі меру ўтрымання і вывезлі пад Адэльск.
Падчас аднаго з пасланняў «да народа і Нацыянальнага сходу» Лукашэнка заявіў, што Анжаліку Борыс «мы ім не аддадзім» і назваў яе «сваёй палячкай». На пачатку красавіка 2023 года стала вядома, што справу супраць Борыс закрылі з-за «адсутнасці складу злачынства». Трох іншых фігурантак «польскай справы» вызвалілі і вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Анджэю Пачобуту прысудзілі восем гадоў калоніі. Ён таксама прызнаны палітзняволеным.



