Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене адрэагавала на паведамленне прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска аб магчымым адкрыцці польска-беларускай мяжы. Па словах Ругінене, польскія палітыкі павінны скаардынаваць свае дзеянні з літоўскімі ўладамі, піша LRT. 

UPD: днём 30 кастрычніка стала вядома, што перамовы паміж Ругінене і Тускам адбыліся. «Польшча адкрые пераходы з Беларуссю прыкладна ў сярэдзіне лістапада», – паведаміў прэс-сакратар польскага ўрада Адам Шлапка, піша MOST.

Шлапка дадаў, што адкрыццё пераходаў з Беларуссю было запланавана на больш ранні тэрмін, аднак літоўскі бок у размове з Тускам узняў пытанне аб бяспецы на сваім баку мяжы. Прычына – метэазонды, якія запускалі з тэрыторыі Беларусі. Так кантрабанда пападала ў Літву.

Планы па адкрыцці мяжы могуць перагледзець: што гавораць у Літве

“Гэта вельмі важна”, — падкрэсліла неабходнасць перамоваў з польскім бокам Ругінене. Прэм’ер-міністр дадала, што “ўжо перапісвалася” з Тускам – размова была “працяглай”.

Па словах Ругінене, польскія ўлады могуць перагледзець свае планы па адкрыцці мяжы пасля рашэння Літвы закрыць КПП з Беларуссю на месяц. Таксама Ругінене плануе абмеркаваць пытанне адкрыцця межаў з прэм’ер-міністрам Эстоніі Эвікай Сіліняй.

Верагодна, перамовы паўплываюць на магчымыя даты адкрыцця польска-беларускай мяжы.

Літва закрывае КПП, Польшча хоча адкрыць: што адбывалася з мяжой за тыдзень

У сераду, 29 кастрычніка, Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада. Пагранпераход Шальчынінкай-Беняконі закрылі поўнасцю. Праезд праз Мядзінінкай-Каменны Лог абмежаваны. Праз яго могуць ехаць дыпламаты, грамадзяне Літвы, якія вяртаюцца ў краіну, а таксама грамадзяне ЕС.

Днём раней, 28 кастрычніка, прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў аб намеры адкрыць два КПП на мяжы з Беларуссю. Гаворка ішла пра Баброўнікі і Кузніцу. Па словах Туска, адкрыццё планавалі ў “тэставым рэжыме ўжо ў лістападзе”.

Ужо тады Туск адзначыў, што перад адкрыццём пагранпераходаў яго чакаюць “інтэнсіўныя кансультацыі з літоўцамі”.

Чытайце таксама: Чэргі на межах Беларусі: пасля закрыцця літоўскай мяжы расце паток на польскай