Некалькі гадоў участак дарогі Скідзель — Каўшова ў Мастоўскім раёне заставаўся праблемным. Над праезнай часткай навісалі галіны дрэў і кустоў, замінаючы агляду і праезду. Жыхарка Гродна Святлана не раз звярталася ў розныя інстанцыі па гэтым пытанні. І, праз некаторы час, праблему ўдалося ліквідаваць.

Пры ўездзе ў вёску з боку прыпынку над дарогай навісалі галіны дрэў і кустоў. Гэта заміна́ла агляду праезнай часткі. Таксама з-за зараснікаў не маглі раз’ехацца дзве машыны, хоць шырыня дарогі дазваляе гэта зрабіць. Святлана доўгі час спрабавала знайсці тых, хто адказны за ўчастак дарогі Скідзель — Каўшова і змог бы навесці парадак, расказвае сайт proregion24.by.

— Улетку я жыла ў Каўшове і штодзённа ездзіла па гэтай дарозе. Кожны раз адчувала раздражненне: калі сустракалася з іншай машынай, раз’ехацца было цяжка. Былі выпадкі, калі галіны драпалі аўтамабілі, — расказала Святлана.

Жанчына не раз звярталася ў розныя інстанцыі — ад Дубненскага сельвыканкама да Мастоўскага райвыканкама. Аднак пытанне вырашыць не ўдавалася. Толькі пасля звароту ў Гродзенскі райвыканкам высветлілася, што праблемны ўчастак знаходзіцца ў распараджэнні Лунненскага лясніцтва Скідзельскага лясгаса.

Тэрыторыю расчысцілі. Галіны больш не навісаюць над дарогай, агляд не абмежаваны. Для рэгулявання руху ўсталявалі знак «Саступіце дарогу», паведаміў начальнік аддзела ЖКГ Гродзенскага райвыканкама Мікалай Баган.

Акрамя таго, па ініцыятыве Святланы ўдалося вырашыць і іншае пытанне — арганізаваць прыпынак каля Каўшова. Раней жыхары вёскі самі даглядалі тэрыторыю. Усталявалі лаўку — з часам яна састарэла. Цяпер тут абсталявалі новую лаўку і абазначылі прыпынак.

Праўда, навеса пакуль няма, таму схавацца ад дажджу ці сонца пасажырам няма дзе. Вяскоўцы спадзяюцца, што добраўпарадкаванне прадоўжыцца.