З аўкцыёну распрадаюць маёмасць ТАА «Рукша». Гэта 25 лотаў запчастак розных брэндаў з крамы «АвтоЗапчасти» ў Гродне, якой валодаў Віктар Рукша. Усё пачалося больш за пяць гадоў таму, калі да яго ў краму падчас пратэстаў уварваліся сілавікі - а Віктар на іх паскардзіўся.
Маёмасць знаходзіцца ў тым самым краме на Гарнавых, 6. Продажам займаецца антыкрызісны кіраўнік ТАА «Тры грані» дырэктар Дзмітрый Монцік. Таргі пройдуць на пляцоўцы ЗАТ «Белбанкратаўкцыён».
Аўкцыён пройдзе 18 лістапада. Маёмасць распрадаюць на падставе вызначэння эканамічнага суда Гродзенскай вобласці ад 8 траўня 2024 года. Тады фірму прызналі банкрутам.
Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заявіў аб нявыплаце падаткаў у 525 тысяч рублёў ($ 203 693) і яшчэ 12 тысяч ($ 4655) — з заробкаў у канвертах. Віктар судзіўся спачатку з эканамічным судом Гродзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Пазней справа стала «крыміналкай» і перайшла ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Віктара ўзялі пад варту з лютага 2022 года.
Паводле арт. 243 ч. 2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт.424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» у траўні 2023 года яго асудзілі 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Летам 2024 года Віктар выйшаў на волю.



