Польскія мытнікі пачалі больш уважліва даглядаць грузавікі, якія едуць у Беларусь. Мэта — не дапусціць правозу тавараў, якія Расія можа скарыстаць для вядзення вайны. Пра гэта распавёў агенцтву PAP намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Вонсік.

Чарга грузавікоў з польскага боку мяжы расцягнулася на 80 гадзін. З чым гэта звязана?
Чарга грузавікоў на мяжы. Ілюстратыўнае фота: Wojciech Szubzda Polskie Radio Bialystok

«Усе нашыя памежныя службы, якія адказваюць за афармленне, мытня і памежная служба вельмі пільна правяраюць кожную машыну. Мы павінны быць упэўненыя, што яны не перавозяць тавары двайнога прызначэння» — сказаў Мацей Вонсік.

Ён патлумачыў, што такія рашэнні прынялі міністр фінансаў і міністр унутраных справаў і адміністрацыі. Як вынік такога дэтальнага кантролю — чэргі грузавых аўтамабіляў на мяжы могуць расцягвацца на 80 гадзін. «Найлепш было б, каб Еўрапейскі саюз увёў гаспадарчую блакаду Расіі», — дадаў Вонсік.

Што з беларускага боку

Беларускія праўладныя медыі тлумачаць, што ў чэргах з беларускага боку таксама вінаватыя палякі. За выхадныя 2 і 3 красавіка на тэрыторыю Польшчы польскія памежнікі прапусцілі не больш 35% фур ад нормы, паведаміла БелТА. На пункце пропуска Бераставіца — Баброўнікі норма пропуску складае 500 фур у суткі. З іх станам на 10:00 4 красавіка прапусцілі 172 фуры. У чарзе на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца яшчэ 320 фур.

Брузгі дасюль не адкрылі

З 9 лістапада польскія памежнікі прыпынілі афармленне транспарта ў Кузніцы. Гэта было звязана з мігрантамі, якія спрабавалі прарвацца праз беларуска-польскую мяжу. Раней паведамлялі, што пункт пропуску могуць адкрыць, калі мігранты пакінуць лагер ля Брузгоў і калі будзе скончаны плот на мяжы. Першае ўжо здарылася, а плот акурат у працэсе будовы.

Чытайце таксама: