У верасні беларускія медыя звярнулі ўвагу на рэпера Пазнякса. Музыку завуць Дзмітрый Пазняк, яму 21 год. Малады чалавек жыве ў Гродне. Ролікі Пазнякса набіраюць сотні тысяч праглядаў у TikTok, а на Spotify у выканаўцы больш за 19 тыс. слухачоў у месяц.
У сваіх відэа Пазнякс гуляе па вуліцах Гродна, замаўляе шаурму і рыхтуецца да сесіі. На ролікі музыка накладвае ўрыўкі рэпу, які складае сам.
Яго панчы (фразы, якія «дабіваюць») будуюцца вакол бытавых, зразумелых сфер. Напрыклад, у Пазнякса сустракаюцца фразы: «Не падыходзь да рондаля, там бульбачка варыцца. Рэальна, не дай Бог, раптам апарышся» ці «Я як прадавец начнушак, мне патрэбны вялікія бабкі».


У каментарах пад ролікам Пазнякса карыстальнікі разыходзяцца ў меркаванні. Адны высмейваюць знешнасць рэпера і завуць яго «генератарам рандомных фраз». Іншыя захапляюцца панчамі.
«Я буду олдам пачынаючай легенды, які нагне ўвесь ру рэп», — піша nekitossss.
«Трэк імба. Працягвай піліць рэп далей, за табой будучыня», — адзначае Fimi Game.
«Брат, ты проста легенда, поспехаў табе родны. Слухаю цябе яшчэ з «кішміша» (песня Пазнякса — Hrodna.life), — распавядае ___glazbomja@#).
«Гродна сталіца рэпа!» — заключае ЮГ 404.
«Людзям не хапае калгаса»: Пазнякс тлумачыць, чаму яго песні сталі папулярнымі
Усплёск папулярнасці Пазнякса здарыўся пасля выхаду песні «Гавайская піца». Аб рэперы з Гродна напісалі Telegram-каналы «ДК Данс» і «Осторожно, новости». Звярнула ўвагу на Пазнякса і тэматычнае выданне Flow.
Пра феномен Пазнякса вырашыў выказацца Вадзім Барысевіч, журналіст музычнага Telegram-канала «Клік». Паводле слоў Барысевіча, яму «стала фізічна балюча», што першымі пра Пазнякса напісалі не беларускія медыя, а расійскія.
«Пра Пазнякса напісалі не таму што ў хлопца супер неверагодны стыль і флоў (хаця і гэта таксама). А таму што хлопец выбухнуў з мільёнамі праглядаў у тыктоку і інсце. І мне незразумела: ці гэта нейкая курыная сляпата, ці нешта іншае? Чаму рускія немузыкальныя медыя бачаць, а беларускія альбо ігнаруюць, альбо не заўважаюць?» — напісаў у Threads Барысевіч.
Тлумачачы сваю папулярнасць, Пазнякс мяркуе, што «людзям не хапае дзівосаў, калгасу нейкага». Рэпер упэўнены, што гэтыя рысы прысутнічаюць у яго творчасці.
— Усе гэтыя прафесійныя, напамаджаныя фотасесіі ўжо ў кожнага артыста ёсць. А вось асацыяваць сябе са мной (умоўна) прасцей. Ну і не апошнюю ролю адыграў дысананс знешнасці з тым, што я чытаю, і што я ў цэлым рэп чытаю: у мяне нетыповая выява для рэпера, — распавядаў Пазнякс «ДК Данс».
Дзмітрый адзначае, што пачынаў сачыць за рэп-батламі яшчэ з часоў Аксімірона і Гнойнага, якія праходзілі ў 2017 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Улетку 2024 Пазнякс «упершыню падышоў да мікрафона» і запісаў трэк «Джэймс Хардэн».
Цяпер рэпер выпускае сінглы і ўдзельнічае ў рэп-батлах.
Чытайце таксама: Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка