Лідарка Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася з палітзняволеным журналістам і актывістам Саюза палякаў беларусі Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі 23 верасня 2025 года. Каб сустрэча была магчымай, яна напісала Аляксандру Лукашэнку просьбу ад імя свайго і сваёй арганізацыі.
Пра сустрэчу з Пачобутам Борыс расказала ў сваім Facebook.
«Ад імя Саюза палякаў у Беларусі і ад сябе асабіста я напісала прэзідэнту Беларусі з просьбай вызваліць нашага калегу Анджэя Пачобута. Я таксама напісала з просьбай аб сустрэчы з Анджэем у калоніі, таму што мы ўсе вельмі турбуемся пра яго здароўе. Я атрымала дазвол на сустрэчу з ім, сёння я бачыла Анджэя ў калоніі ў Наваполацку. Анджэй перадае цёплыя прывітанні ўсім знаёмым і незнаёмым. Ён адчувае сябе добра псіхічна, атрымлівае лекі, дзякуе ўсім за памяць, сказаў, што Гасподзь Бог адмярае кожнаму свой шлях. Ён таксама перадаў, што Саюз палякаў у Беларусі - гэта не пра супрацьстаянне, а пра захаванне і клопат аб польскасці. Я перадала Анджэю, што не было ніводнага дня, каб мы ў Саюзе палякаў і не толькі за яго не маліліся!» — напісала Борыс.
Сустрэча Борыс і Пачобута супала з рашэннем польскага ўрада адкрыць аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску ў Брэсцкай вобласці, якія былі зачыненыя з 12 верасня ў адказ на беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025».
Анжаліка Борыс звяртаецца да Лукашэнкі не ўпершыню
Гэта не першая публічная просьба Анжалікі Борыс да Аляксандра Лукашэнкі з мэтай вызваліць Анджэя Пачобута. У чэрвені 2025 яна пісала ў Facebook, што Саюз палякаў «удзячны ўладам Беларусі за магчымасць вучыць польскую мову» і што Анджэй Пачобут «ніколі не быў апазіцыянерам».
З-за Пачобута ўсё яшчэ закрыты пункт пропуска на беларуска-польскай мяжы
Анджэй Пачобут адбывае пакаранне восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго асудзілі 8 лютага 2023 года па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы». Судовыя пасяджэнні былі закрытымі.
У адказ на палітычна матываваны прысуд Пачобуту польскі ўрад у лютым 2023 года закрыў пункт пропуску ў Баброўніках. Ён застаецца закрытым да гэтага часу.
Ды гэтага кіраўнічка непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустракалася з Пачобутам у 2024 годзе. Тады яна распавяла, што Анджэй схуднеў і выглядае дрэнна.