У аўторак, 9 верасня, стала вядома, што Польшча цалкам закрывае мяжу з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Будуць закрыты як КПП, так і чыгуначныя пагранічныя пункты. Навіна выклікала актыўнае абмеркаванне сярод беларусаў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што пішуць карыстальнікі Telegram-каналаў, звязаных з мяжой.

Заява польскага прэм’ера

Польскі прэм’ер аб’явіў аб закрыцці мяжы на пасяджэнні ўрада.

«З меркаванняў нацыянальнай бяспекі мы закрыем пункты пропуску на мяжы з Беларуссю апоўначы ў чацвер», — сказаў Дональд Туск.

Рашэнне звязана з расійска-беларускімі ваеннымі вучэннямі «Захад», якія пройдуць у Беларусі з 12 па 16 верасня. Як доўга будзе закрыта мяжа — пакуль невядома.

Рэакцыя карыстальнікаў

Самае актыўнае абмеркаванне новай сітуацыі адбываецца ў групе «Мяжа Беларусь—ЕС»
Пакуль удзельнікі маюць больш пытанняў, чым адказаў.

«Атрымліваецца, я не змагу выехаць з Польшчы ў Беларусь?» — здзіўляецца адзін з каментатараў.

«Мабыць, трэба чакаць іх тлумачэнняў — прэс-рэліз ці публікацыю на сайце. Пакуль незразумела, на якой падставе не выпускаць грамадзян іншых краін? Не ўпускаць — гэта іх права, але як можна ў дэмакратыі не выпускаць беларусаў? Мы закладнікі іх? Ці адразу на мяжы ВНЖ польскі будуць афармляць? Можа, адразу грамадзянства дадуць, раз не выпускаюць? А калі віза заканчваецца 14 верасня? Квіткі ўжо набытыя да Шапэна на 13-га?» — задаецца пытаннямі адзін з удзельнікаў.

«Як я зразумела, закрываюць усяго на некалькі дзён», — адказвае іншая карыстальніца. Іншыя ўдзельнікі заўважаюць, што невядома дакладна, на колькі дзён мяжу закрываюць, бо ў прамове Туска такой інфармацыі не было.

«А дзесьці напісана, што пасля вучэнняў мяжу адкрыюць?» Беларусы — пра пакуль часовае закрыццё польска-беларускай мяжы
Баброўнікі. Фота: з архіва, носіць ілюстрацыйны характар

Эмацыйныя каментары

Некаторыя ўдзельнікі абмяжоўваліся кароткімі рэакцыямі:

«Вось гэта жэсць».

«Ну хоць першы рэгіён адпачне», маючы на ўвазе Брэсцкую вобласць.

Іншыя турбаваліся аб матэрыяльных стратах: «Гэта ж колькі грошай народ страціць з-за адмены білетаў і броняў гатэляў!»

Некаторыя карыстальнікі выказвалі апасенні, што і суседзі Польшчы могуць закрыць мяжу з Беларуссю.

«Калі навіне гэтай пару гадзін, то чакаем адказ Літвы. Нешта падказвае, што выкажуць яны салідарнасць з палякамі».

«Папярэдне павінна выйсці папярэджанне МЗС Літвы грамадзянам Літвы тэрмінова пакінуць Беларусь. Сочым за афіцыйнымі паведамленнямі», — адзначаў адзін з каментатараў.

А хтосьці прыгадаў і пандэмію каранавіруса: «А дзе-небудзь напісана, што пасля вучэнняў мяжу адкрыюць? Цягнікі вось усё яшчэ пасля кавіду так і закрытыя».

Былі і больш асабістыя эмоцыі: «Хопіць нагнятаць! Працую ў міжнароднай транспартнай кампаніі, мне ўвогуле не смешна. І так цяжка».

«А дзесьці напісана, што пасля вучэнняў мяжу адкрыюць?» Беларусы — пра пакуль часовае закрыццё польска-беларускай мяжы
Польска-беларуская мяжа. Фота: з архіва, носіць ілюстрацыйны характар

Пытанне: як цяпер дабірацца?

Людзей асабліва хвалюе, як трапляць у Польшчу і назад.

«Хацелася б зразумець, як зараз на аўто дадому вярнуцца ў нядзелю з адпачынку…», — піша адна з удзельніц.

«Аналагічная сітуацыя», — кажа іншы.

«Канікулы працягваюцца», — адказваў яшчэ адзін каментатар.

«Народ, а якія ўвогуле варыянты выезду з РП на аўто з беларускімі нумарамі, калі раптам не адкрыюць межы пасля 16 верасня? Польскі бок жа разумее, што заблакаваў беларусаў?» — пытаецца адна з удзельніц чата.

Удзельнікі пачалі абмяркоўваць альтэрнатыўныя шляхі — Літву і Латвію. Але праз беларуска-латышскую мяжу зараз стала складаней праехаць. А на машынах з беларускімі нумарамі дык і ўвогуле не прапускаюць.

Для ўезду ў Латвію цяпер трэба загадзя падаць звесткі праз сайт eta.gov.lv — не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы. У анкеце ўказваюць мэту і тэрмін паездкі, маршрут, кантакты і іншую інфармацыю. Адказ — дазвол або адмова — прыходзіць на электронную пошту. Новыя правілы датычацца грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі і Украіны, калі ў іх няма візы або ВНЖ.

«Ёсць варыянт яшчэ Турцыю паглядзець па дарозе», — напісаў адзін з каментатараў.

«Ці Грузію, напрыклад», — кажа іншы карыстальнік.

Нагадаем, зараз на мяжы з Польшчай працуюць толькі два КПП: «Брэст» («Цярэспаль») і «Казловічы» («Кукурыкі») — апошні функцыянуе толькі для грузавога транспарту. Працуюць і чыгуначныя грузавыя пункты пропуску — іх таксама закрыюць у рамках адказу Польшчы на вучэнні.