Сума ўваходу ў Любчанскі замак сімвалічная — 1 руб. Тым не менш, цяпер патрапіць на тэрыторыю замка без унёску не атрымаецца. Аб новых правілах наведвання распавялі ў Instagram-блогу «Беларусь Интересно», на публікацыю звярнула ўвагу «Наша Ніва».

Аўтар публікацыі дадае, што бясплатна палюбавацца замкам можна з маста.

Блогер таксама праверыў, як ідзе рэканструкцыя замка. Зараз узводзяць бярвеністую сцяну. Яе элементы не абаранілі спецыяльнай вільгацятрывалай праслойкай, таму дрэва можа гніць. Паводле інфармацыі блогера, дапушчаныя падчас будаўніцтваў памылкі выправяць.

Рэканструкцыю замка крытыкуюць — яна навукова неабгрунтаваная

Любчанскі замак пачалі будаваць у 1581 годзе — узводзілі яго з дрэва. Каменнай была толькі ўязная вежа.

Падчас Першай і Другой сусветных войнаў палац разбурылі. Ацалелі толькі дзве вежы на кутах. Пасля войнаў на фундаменце палаца пабудавалі школу.

Замак пачаў рэканструяваць у 2003 годзе Іван Пячынскі. Доўгі час рэканструкцыя трымалася амаль выключна на яго ініцыятыве і працы валанцёраў. Пазней да адбудовы замка далучыўся «Прыёрбанк» і іншыя арганізацыі.

Рэканструкцыю замка ў Любчы часта крытыкуюць гісторыкі і спецыялісты па ахове спадчыны як навукова неабгрунтаваную і валюнтарыстычную.

Чытайце таксама: За ўваход на руіны Навагрудскага замка пачалі патрабаваць грошы