Прадпрымальнік з Гродна пранікаў у прыбіральні аднаго з мясцовых гандлёвых цэнтраў і фатаграфаваў там жанчын. Мужчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання для разбіральніцтва, паведамілі ў Telegram-канале Охрана.by.
Мужчыну затрымалі на месцы супрацоўнікі аховы гандлёвага цэнтру. Яго перадалі міліцыі.
«На просьбу выдаліць фота даў мне шчаўчок»
Гэта не першы інцыдэнт у Гродне, калі мужчыны таемна фатаграфуюць жанчын. У пачатку верасня беларуска Вольга Бялко распавяла ў Threads, як падчас прагулкі ў цэнтры горада заўважыла падазронага мужчыну. Па словах Вольгі, мінак цішком фатаграфаваў жанчын з дэкальтэ. «У канцы вуліцы ён павярнуўся і яшчэ раз пачаў нас фатаграфаваць ці адну з частак цела», — напісала Вольга.
Тады беларуска запатрабавала выдаліць усе кадры. «На нашу просьбу ён пачаў нервавацца, казаць, што мы выдумляем, даў мне яшчэ шчаўчок і хутка сышоў. І тут я афігела».
Вольга звярнулася па дапамогу да мужа. Але да моманту, калі муж прыйшоў на месца, незнаёмец паспеў выдаліць фотаздымкі. «Яго дагналі, паглядзелі фотагалерэю. Нашых фота там ужо не было, але былі фотаздымкі іншых дзяўчат, якія наўпрост пазіравалі на камеру. Звычайныя фота, нічога такога».
Беларуска дадае, што незнаёмец «выбачыўся за рукапрыкладства». Па ўражаннях Вольгі, мужчына быў п’яны.
Тры месяцы арышту за дзясяткі незаконных відэа
У 2023 годзе ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд мужчыне, які здымаў на відэа наведвальніц Triniti. У судзе абвінавачаны прызнаўся, што зняў на камеру больш за 20 жанчын, якія хадзілі ў прыбіральню. Суд прызнаў мужчыну вінаватым у хуліганстве і злосным хуліганстве (арт. 339 КК) і прызначыў пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту. Тэлефон з незаконнымі відэа канфіскавалі.
Чытайце таксама: «Блакітная карта» і ахоўны ордэр. Вывучылі досвед барацьбы з хатнім гвалтам у Беларусі і Польшчы і знайшлі што запазычыць у суседзяў