Асобы каментатараў, якія выказаліся аб забароне музыкі ў гродзенскіх дварах, устанаўліваюць сілавікі. Тых, хто “не саромеецца ў выказваннях і кажа, што ва ўсім вінаватая ўлада”, выклікаюць на “гутаркі”, паведамляе праўладны Telegram-канал «Гродненские сливы». 

Аўтары публікацыі нагадалі, што ў лічбавую эпоху “ананімнасць – гэта ілюзія”. І заклікалі беларусаў “быць гатовымі адказаць у рэальным жыцці” за каментары і выказванні ў інтэрнэце.

“Тых, хто перастараўся, відавочна перайшоў планку, чакае “ўзнагарода””, – пішуць аўтары канала. Ці значыць гэта, што ім пагражае адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць, не ўдакладняюць.

На цішыню ў цэнтральных дворыках Гродна гараджане звярнулі ўвагу у панядзелак, 18 жніўня. У інтэрнэце з’явілася некалькі відэа, дзе гродзенцы скардзіліся на забарону і адзначалі, што горада пазбавілі візітнай карткі.

Рэагуючы на незадаволенасць гараджан, Гродзенскі гарвыканкам паведаміў, што забароны на выступы музыкаў няма. Цяпер улады працуюць над тым, каб “прывесці творчыя пляцоўкі ў прававое поле, зрабіўшы іх зручнымі і бяспечнымі для кожнага”.

Чытайце таксама: Сілавікі просяць апазнаць гродзенцаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах