Праект Eat and Meet прапануе павячэраць з выпадковай кампаніяй у пэўнай установе. У жніўні праект пашырыўся з Мінска на абласныя цэнтры. У Гродне партнёрам праекта стаў рэстаран Sherwood.

Для ўдзелу ў праекце Eat and Meet трэба спампаваць дадатак, стварыць там анкету ўдзельніка, выбраць горад і дату ўдзелу. За сталом вас будзе чакаць 4−8 чалавек, якіх адабралі выпадковым чынам. Арганізатары падкрэсліваюць, што гэта не дэйтынгавы дадатак. Але ў перспектыве можна будзе знайсці знаёмствы, зносіны і працоўныя кантакты.

Першапачаткова кошт вячэры быў фіксаваны. Цяпер за сам удзел трэба заплаціць 29 рублёў. Ежу і напоі трэба заказваць у рэстаране — са зніжкай 20%.

Sherwood працуе ў Гродне з 2022 года. Тут падаюць стравы міжземнаморскай кухні. Акрамя зеляніны, гародніны, мяса, у меню ёсць морапрадукты: грабеньчыкі і камчацкі краб. Уладальнікі пазіцыянуюць месца як «самы зялёны рэстаран Беларусі». Тут жа ёсць тэраса з відам на Нёман і чыгуначны мост.