Барацьба з чорнымі капальнікамі — адзін з прыярытэтаў археолагаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі «Развіццё сучаснай беларускай археалогіі» расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

Паводле яго слоў, дзеянні чорных капальнікаў наносяць сур’ёзную шкоду навуцы, бо яны не прытрымліваюцца ўсталяваных правілаў. Між тым, алгарытм дзеянняў пры выяўленні артэфакта, старэйшага за 120 гадоў, дакладна прапісаны ў Кодэксе аб культуры і іншых нарматыўных актах.

Металадэтэктары пад забаронай: часовая мера да ўвядзення ліцэнзій

Каб захаваць археалагічную спадчыну, Інстытут гісторыі НАН распрацаваў план процідзеяння незаконнаму пошуку і абароту артэфактаў.

У Беларусі ўжо дзейнічае артыкул 20.6 КаАП, які прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь і канфіскацыю прылад за незаконны пошук і абарот археалагічных каштоўнасцей. Фізічныя асобы не маюць права выкарыстоўваць металадэтэктары без дазволу НАН, аднак гэтыя меры пакуль не даюць чаканага эфекту.

— Рабочая група па маніторынгу інтэрнэт-сайтаў рэгулярна фіксуе продажы незаконна здабытых знаходак. Матэрыялы перадаюцца ў адпаведныя ведамствы. Цяпер археолагі прапануюць увесці поўную забарону на выкарыстанне металадэтэктараў фізічнымі асобамі — да выпрацоўкі ліцэнзавання, рэгістрацыі і прысваення нумара кожнаму інструменту, — адзначыў Лакіза.

Праблема стаіць востра. Археолагі прапануюць забараніць чорным капальнікам металадэтэктары
Раскопкі. Фота мае ілюстрацыйны характар

Адпачываюць з рыдлёўкай: на археалагічныя помнікі ходзяць пад выглядам рыбалкі.

Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Сяргей Ліневіч адзначыў, што многія не лічаць чорнае капальніцтва незаконным, успрымаючы яго як бяскрыўднае хобі. Аднак праблема стаіць востра.

— Нядаўна быў выпадак: на востраў возера, дзе размешчаны археалагічны помнік, некаторыя рыбаловы пераправіліся, арганізавалі там базу. У лодку яны ўзялі намёты, прадукты, вуды і — увага — металашукальнік. Прычым людзі мэтанакіравана плылі да помніка, на якім вісіць шыльда, узяўшы на ўзбраенне рыдлёўку. І калі не трапляе рыба, яны пачынаюць капаць. Іх абсалютна не бянтэжыць, што там праходзіць археалагічная экспедыцыя і стаяць папераджальныя знакі, — расказаў Сяргей Ліневіч.