У Гродзенскім абласным судзе ліквідуюць мясцовы фонд «Фонд захавання і развіцця аб’ектаў культурнай спадчыны». Рашэнне аб гэтым прымуць 9 снежня.

Арганізацыя зарэгістраваная ў 2017 годзе ў гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна.

Фонд адкрылі ўладальнікі сядзібы Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок. Сям’я з Расіі выкупіла яе ў 2014 годзе на аўкцыёне. У планах была рэканструкцыя сядзібы пад турыстычны цэнтр рэгіёна з адкрыццём гасцініцы і музея. У 2020 годзе стала вядома, што планы ўладальнікаў памяняліся. Новыя ўласнікі змаглі зацвердзіць з Мінкультуры праект зон аховы комплексу былога палаца, і працы прыпыніліся. Гэта выклікала прэтэнзіі мясцовай улады. Пракуратура Шчучынскага раёна ў інтарэсах дзяржавы прад’явіла ўласнікам іск аб канфіскацыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. У 2021 годзе яго задаволілі і зноў спрабуюць прадаць сядзібу з аўкцыёну.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Традыцыі гасціннасці», якое належала ўладальнікам, ліквідавалі ў красавіку 2021 года.

Апошні ўладальнік Жалудка і наваколля Людвіг Святаполк-Чацвярцінскі пабудаваў у 1908 годзе палац у стылі неабарока. У комплекс уваходзілі парк, флігель, млын і цэлы шэраг дапаможных пабудоў. Пасля 1939-га палац перайшоў савецкім вайскоўцам, затым нямецкім акупантам. Пазней там была вайсковая частка і адно з падраздзяленняў Нацыянальнай акадэміі навук — прадпрыемству «Конус». У 2014 годзе яго прадалі з аўкцыёну.