Гродзенскі абласны суд вынес прысуд 37-гадоваму Яўгену Шляхцёнку — былому супрацоўніку Мастоўскага ваенкамата і выпускніку гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы, паведамляе «Наша ніва».
Прысуд уступіў у сілу, 11 ліпеня 2025 года Шляхцёнка ўключылі ў спіс «экстрэмістаў».
Мужчыну асудзілі адразу па трох «палітычных» артыкулах:
- удзел у экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 3 арт. 361−1 КК),
- публічныя заклікі, якія пагражаюць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 арт. 361 КК)
- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361−4 КК).
Найбольш сур’ёзнае абвінавачванне з гэтых прадугледжвае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Аднак выданне не паведамляе, на які менавіта тэрмін асудзілі гісторыка.
Па дадзеных сацсетак, Шляхцёнак родам з Краснасельскага (Ваўкавыскі раён), па адукацыі — настаўнік гісторыі. Жыў у вёсцы Вялікія Сцепанішкі.
Да службы ў ваенкамаце паспеў папрацаваць зваршчыкам і на СТА. У 2015 годзе ён заняўся ўлікам афіцэраў запасу ў Мастоўскім райваенкамаце. 8 красавіка 2021 года з нагоды прафесійнага свята ў ваенным камісарыяце Яўгену Шляхцёнку выказвалі падзяку за працу. Яго прозвішча згадваецца на сайце раёнкі «Зара над Неманам».
Як паведамлялі гродзенскія праваабаронцы, з 2020 па 2024 год у Гродзенскай вобласці распачалі 3250 крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці». У 2024 годзе такіх злачынстваў рэгістравалі менш. Іх раскрыццё стала вышэй і перавысіла 90%. Усяго ўстанавілі больш за 800 асоб, якія маюць дачыненне да злачынстваў «экстрэмісцкай скіраванасці». Крымінальныя справы ў дачыненні да 597 людзей па 1265 эпізодах перадалі для накіравання ў суд.
Таксама ў рэгіёне разглядаліся справы за «распаўсюд экстрэмізму». Так, у 2024 па дадзеных міліцыі, на тэрыторыі вобласці зарэгістравалі 1837 адміністрацыйных «экстрэмісцкіх» правапарушэнняў.