Былы старшыня габрэйскай абшчыны і дырэктар ТАА «Гарадзенскае агенцтва нерухомасці» Раман Смірноў выйшаў на волю, паведамілі Hrodna.life. Верагодна, ён быў сярод апошніх вызваленых па памілаванні.
Мужчыну затрымалі ў красавіку 2024 года за каментары ў Telegram-каналах і адпраўку інфармацыі ў чат-боты «Беларусі галаўнога мозгу» і Nexta.
Яго пачалі судзіць у жніўні 2024 года. Мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса «Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Справу разбіраў суддзя Станіслаў Пранько ў судзе Гродзенскага раёна.
У гонар Дня незалежнасці Лукашэнка памілаваў 16 чалавек. Сярод іх ёсць людзі, якія здзейснілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». У спіс памілаваных трапіла 65-гадовая Наталля Антонава, якую спачатку адпраўлялі на «хатнюю хімію» за ўдзел у пратэстах. Пазней Наталлю судзілі за “паклёп на Лукашэнку”, “распальванне варожасці” і адправілі ў гомельскую калонію, даведалася Belarus Women’s Foundation.



