Рамеснік і блогер з Гродна Аляксандр Барысевіч, вядомы як «Лихой топор», збудаваў на сваім хутары дакладную копію чыгуначнага купэ. Аказалася, што ўсе неабходныя камплектуючыя можна афіцыйна купіць на разборцы вагонаў.

Вырабляць купэ з нуля Аляксандр не збіраўся, распавёў ён у сваім Instagram. Замест гэтага вырашыў закупіць арыгінальныя элементы і сабраць усё на месцы. Паводле яго словаў, праект аказаўся недарагім, а на яго рэалізацыю спатрэбілася ўсяго каля пяці дзён.

Замест вакна ўсталявалі тэлевізар. У выніку, каб «адправіцца ў падарожжа», дастаткова проста загрузіць відэа з відамі з вакна рэальнага цягніка на флэшку, уключыць відэа, зачыніць дзверы і амаль поўнае пагружэнне ў дарожную рамантыку гатова. Для свайго першага віртуальнага падарожжа Аляксандр абраў маршрут да Уладзівастока.

Падпісанты ацанілі ідэю. У каментарах прапаноўвалі ўсталяваць пакой-купэ на платформу з вібрацыяй для большай рэалістычнасці, цікавіліся, ці «ідзе цягнік» да Швейцарыі ці Хогвартса, і раілі дадаць яшчэ некалькі купэ, каб «падарожнічаць» з суседзямі або адкрыць кафэ з такімі купэ.

Дарэчы, нядаўна Аляксандр прэзентаваў яшчэ адзін свой праект — аўтамабіль «Волгатти», збудаваны з «Волгі» з Bugatti. У рэалізацыі задуманага яму дапамагала каманда з трох чалавек, а працы ішлі тры гады. У сакавіку 2025 года гродзенцы прэзентавалі сваё вынаходніцтва.