Сустрэча, прысвечаная пісьменніцы Ларысе Геніюш, была запланаваная 8 ліпеня ў мінскай галерэі Parason. Але напярэдадні прапагандысты і актывісты паведамілі пра адмену мерапрыемства.

Сустрэчу назваў «шабашам» Рыгор Азаронак. Да ганення падключылася Вольга Бондарава. Неўзабаве паведамленне з анонсам мерапрыемства знікла.

Ларыса Геніюш — беларуская паэтка, пісьменніца, грамадскі дзеяч. У 1937 годзе пераехала ў Прагу да мужа. Там яна ўдзельнічала ў працы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. З 1943 года была Генеральным сакратаром урада, захоўвала і ўпарадкоўвала архіў БНР. У 1948 годзе яе разам з мужам арыштавалі і перадалі савецкім уладам.

У 1949 годзе Геніюш асудзілі на 25 гадоў зняволення. Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах Рэспублікі Комі і Мардовіі. У 1956 годзе разам з мужам яе часткова рэабілітавалі. Тэрмін пакарання паменшылі да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі. Пасля вызвалення Геніюш жыла ў Зэльве. Паэтка прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства і заставалася грамадзянкай Чэхаславакіі.

Чытайце таксама: Ларыса Геніюш і нацызм: ці ёсць нешта агульнае і ці заслугоўвае помнік зносу?