У Гродне 3 ліпеня адзначылі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 81-ю гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як гэта было — і злавіла чыноўнікаў і прэсу на штампах і падмане.
З самай раніцы чыноўнікі пачалі публікаваць віншаванні. Гаварылі пра любоў да Радзімы, мір і стварэнне, і, уласна, незалежнасць. «Мы ганарымся, што Беларусь — краіна моцных духам людзей, якія захоўваюць сваю ідэнтычнасць і перадаюць нашчадкам прыклад сапраўднага патрыятызму», — паведамілі ў Гродзенскім аблвыканкаме. У гэты час незалежныя палітолагі б’юць трывогу. Напрыклад, Валер Карбалевіч сцвярджае, што Беларусь за 30 гадоў фактычна падпарадкаваная Расіі.
Свята ў Гродне пачалося з «шэсця пакаленняў». «Твары ўдзельнікаў свяціліся гонарам і натхненнем: старэйшае пакаленне перадавала эстафету памяці і любові да Радзімы маладым, а тыя, у сваю чаргу, з павагай і ўдзячнасцю ішлі побач — плячом да пляча», — піша «Гродзенская праўда» ў лепшых традыцыях савецкай прэсы.




Аказалася, набралася 2 тысячы прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, ветэраны, тэрміновай службы і маладых спецыялістаў сфер аховы здароўя, адукацыі, прамысловасці, энергетыкі і інш.
Чытайце таксама: «Пагражалі адлічэннем». Як бюджэтнікам у Гродне прапануюць пайсці ў горад на травеньскія святы

Мудрасць ад 6-гадовага Артура
Пасля прайшоў мітынг «Краіна выдатных людзей». Да свята далучылі і турыстаў з Расіі, якія прыехалі ў санаторый Гродна. Дзень сапраўды зрабілі хутчэй святам горада — з інтэрактыўнымі фота зонамі, конкурсамі, палявой кухняй і дзіцячымі гульнявымі пляцоўкамі. «Нашы продкі ваявалі, каб мы жылі ў мірнай краіне. Яны перамаглі фашыстаў», — гаворыць 6-гадовы Артур Бараноўскі.

Практычна кожны з каналаў дзяржаўных медыя, прадпрыемстваў і арганізацый даў справаздачу ў публікацыях аб прысутнасці на афіцыйных мерапрыемствах. Напрыклад, ускладанне кветак да помнікаў.
«Паверце, я не нагнятаю абстаноўку. Нам гэта не трэба. Мы за тое, каб наша краіна была мірнай», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым толькі ў студзені 2025 года BELPOL выпусціў новае расследаваньне, як Беларусь дапамагае Расеі ў вайне з Украінай. Па дадзеных аб’яднання, у нашай краіне вырабляюць часткі снарадаў для рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град».
Важнай часткай мерапрыемства стала рэканструкцыя вызвалення Гродна 1944 года. Яе правялі 3 ліпеня, хоць сам горад рэакупавалі толькі 16 ліпеня. Увечары гродзенцаў чакаюць канцэрт з беларускімі блогерамі, перакрытыя вуліцы і КПП.

«Свята тых, хто падтрымлівае тыранію»
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская таксама звярнулася да беларусаў у Дзень незалежнасці. Яна назвала сітуацыю ў Беларусі антыўтопіяй.
-Пампезныя канцэрты і мерапрыемствы мільённых коштаў. Вуліцы, задушаныя чырвона-зялёнымі колерамі. Ліслівасць і спевы ў гонар дыктатара… Усё гэта ў той час, калі ў турмах павольна паміраюць больш за адзінаццаць соцень людзей, якія выбралі быць сумленнымі і свядомымі. Хлусня на дзяржаўных тэлеканалах, блакіроўка нязручных крыніцаў інфармацыі, пераслед недзяржаўных арганізацыяў, допыты кожнага, хто вяртаецца з-за мяжы — гэта рэаліі сучаснай Беларусі. Гэтае «свята» не належыць беларусам. Гэта свята тых, хто падтрымлівае тыранію. Тых, хто лічыць, што такія ўмовы жыцця, — прымальныя, — напісала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што пра сапраўдную незалежнасць гаворкі не ідзе.









Вызваленне ад «калектыўнага Захаду»
Часцей за ўсё нацыі дэкларуюць незалежнасць ад імперскага цэнтра. Так было і ў Беларусі 90-х, але хутка тэма вызвалення ад Расіі стала «нявыгаднай», мяркуе філосаф Павел Баркоўскі.
«.ўлада стала адзначаць 3 ліпеня як нібыта вызваленьне ад „калектыўнага Захаду“, які ў іх чамусьці прэзэнтаваўся нацысцкай Нямеччынай. Прытым дата вельмі нацягнутая, бо вызваленьне Менску нельга лічыць вызваленьнем усёй Беларусі, а праводзіць паралелі паміж нацысцкай акупацыяй і сучаснай палітыкай Захаду — тым больш не вытрымлівае ніякай крытыкі. Але для цяперашняй улады гэта ўсё тлумачыцца нежаданьнем выказвацца за незалежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі», — пракаментаваў «Свабодзе» філосаф Павел Баркоўскі.