Будынку Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такое рашэнне прынялі 26 чэрвеня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Аб гэтым паведамілі ў Instagram тэатра.

Тэатр — безумоўна выбітны прыклад архітэктуры СССР другой паловы XX стагоддзя. Ён мае рысы неафутурызму і структурнага экспрэсіянізму, а не толькі вельмі характэрнага для савецкай архітэктуры бруталiзму. Круглявыя абрысы ў стылі вялікага бразільскага архітэктара Оскара Нiмейра надаюць будынку вытанчанасць.

Гродзенскі драмтэатр з’яўляецца адным з самых значных помнікаў усяго савецкага мадэрнізму і адным з найлепшых узораў архітэктуры мадэрнізму ва Усходняй Еўропе. Будынак тэатра даўно ацэнены па заслугах спецыялістамі і ўключаны ў розныя рэйтынгі мадэрнісцкай архітэктуры, пісаў раней Hrodna.life.