Сярод 14 палітвязняў, вызваленых у Беларусі 21 чэрвеня, ёсць грамадзянін Польшчы Ежы Жывалеўскі, паведамляе «Наша Ніва». Яго затрымалі вясной 2022 года і далі чатыры гады калоніі за нібыта «агентурную дзейнасць».

Хто такі Ежы Жывалеўскі

Ежы Жывалеўскі родам з Беласточчыны. Ён шмат гадоў жыў у Беларусі, дзе ў яго з жонкай-беларускай быў бізнес і дом на беразе Нёмана. Любіць Гродна, цікавіцца мясцовай гісторыяй і краязнаўствам. Перыядычна ездзіў на Беласточчыну адведаць пажылую маму.

У сакавіку 2022 года яго затрымалі супрацоўнікі КДБ нібыта па падазрэнні ў шпіянажы. КДБ тады ж абвінаваціў генеральнага консула Польшчы ў Гродна Анджэя Рачкоўскага і польскага консула генконсульства Марціна Хрусцеля ў парушэнні беларускага заканадаўства і ў спробах «перашкодзіць правядзенню працэсуальных дзеянняў». Аператыўную відэаздымку з ператрусу ў доме Жывалеўскага потым паказалі ў эфіры тэлеканала АНТ.

У снежні 2022 катэдж на Чырванафлоцкай, 1, дзе затрымлівалі Ежы, прадавалі за $ 430 000. Дом прадавала жонка затрыманага. Рыэлтар тады распавёў, што ў жыхароў «памяняліся жыццёвыя планы».

Да вызвалення заставалася некалькі месяцаў

У снежні 2024 года Ежы Жывалеўскага паказалі ў прапагандысцкім фільме канала «Беларусь 1». На кадрах было відаць, што мужчына адчувальна схуднеў. Ён адбываў пакаранне ў ВК-3 «Віцьба» і павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2025 года.

Вынікі візіту Кіта Келага

Групу з 14 палітвязняў вызвалілі 21 чэрвеня пасля візіту ў Мінск Кіта Келага — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Расіі і Украіне. Келаг сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, пасля чаго стала вядома аб вызваленні палітвязняў. Рыхтаваць іх да вызвалення пачалі за суткі - 20 чэрвеня іх перавезлі з турмаў і калоній у СІЗА КДБ у Мінску.

На свабоду выйшлі: Сяргей Ціханоўскі, Ігар Карней, Наталля Дуліна, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Галіна Краснянская, Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег, а таксама грамадзяне Эстоніі, Латвіі і Польшчы.