Гродзенцы звярнулі ўвагу, што з будынка па вуліцы Ажэшкі, 42 знікла шыльда «Спорттавары». Instagram-акаўнт крамы не актыўны з кастрычніка 2024 года, у водгуках на Google-картах гродзенцы паведамляюць, што крама зачынена. Hrodna.life разабраўся, што адбылося.
Гараджане: «Крама пала ў няроўнай барацьбе з маркетплейсамі»
Гродзенцы ў Facebook цікавяцца, куды падзелася крама «Спорттавары». У каментарах Аляксандр выказаў меркаванне, што бізнэс “паў у няроўнай барацьбе з маркетплэйсамі”. Ірэна мяркуе, што крама перастала быць запатрабаванай. Гродзенцы, з якімі паразмаўляў Hrodna.life, пацвердзілі, што там у апошні час было мала кліентаў.
Яшчэ ў лютым 2025 года гродзенец Вячаслаў напісаў у водгуках на Google-картах, што крама зачынена. «Хоць на сайце пазначана, што адкрыта. Перад дзвярыма стаяць людзі, тузаюць, ёсць расклад працы. Аб’явы аб тым, што не працуе – няма. Здзек!» — абурыўся мужчына.
У іншых водгуках пакупнікі звярталі ўвагу на бедны асартымент і высокія кошты.
“Як было 20 гадоў таму так нічога не памянялася”, – пісаў Раман на Яндэкс Картах. “Крама гіне. Няма былога шыку! Асартымент збяднеў. Заходзілі да вечара, дзяўчынкі прадаўцы сядзяць у цемры, эканомія электраэнергіі”, – пісала Helenka.
«Спорттавары» запазычылі пастаўшчыкам амаль 79 тыс. руб.
Уладальнік крамы – ТАА «Спарттавары» – знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласніка з 4 красавіка 2025 года.
З лютага 2024 па сакавік 2025 года Эканамічны суд Гродзенскай вобласці ўзбудзіў у дачыненні да «Спорттавараў» восем загадных вядзенняў. Усе яны звязаны з даўгамі перад пастаўшчыкамі, сярод якіх вытворца адзення “Бабруйсктрыкатаж”, аптовы пастаўшчык спартыўных тавараў “ПентаСпорт” і вытворца цацак “Палессе”. Агульная сума пазыкаў перад пастаўшчыкамі склала амаль 79 тыс. руб.
Крама ў Гродне працавала больш за 30 гадоў
Крама “Спорттавары” працавала на Ажэшкі, 42 з пачатку 1990-х. У студзені 2020 у фірмы змяніўся ўласнік. Праз пяць гадоў – у сакавіку 2025, уласнік прыняў рашэнне ліквідаваць юрыдычную асобу.



