Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі 11 масіўных жалезных арак. На іх плануюць размясціць кашпо з кветкамі – па 84 на кожнай арцы. Плюсы і мінусы такога ўпрыгожвання Гродна гараджане абмеркавалі ў гарадскім пабліку ў Facebook.
Кветак у арках пакуль няма, але жыхары баяцца, што вада з кропельнага паліву будзе цячы на галовы, а аркі захіляць гістарычную вуліцу.
“Схаваны прастор і старая архітэктура вул. Савецкай”, – лічыць Аляксандр.
“Больш за ўсё мне шкада турыстаў, таму, што прыгажосці архітэктуры будуць засланяцца гэтымі канструкцыямі, і на фатаграфіях будуць адны кветкі”, – заўважыла Святлана.
“А калі паліваць будуць, капаць на галовы будзе? Увесь народ толькі па Савецкай і шпацыруе!”, – хвалюецца Ірына.

У абмеркаванні пішуць, што арак паставілі занадта шмат – можна было толькі ў пачатку вуліцы, і што такія кветкавыя аркі лепш глядзеліся б у парку.
“Не хапае кветнікаў з цэглы, пафарбаваных бяліламі”, – іранізуе карыстальнік Eugeniush, і цікавіцца, ці купілі ўжо спанбонд.
“Масіўныя тоўстыя канструкцыі, як быццам рыхтуюцца пракладаць эстакаду шматпалосную. Гэта ўвогуле нейкая манія ў “архітэктараў” дзяржаўных рабіць лаўкі, агароджы, слупы, парэнчы з масіўных непрапарцыянальна тоўстых труб, якія вытрымаюць ядзерны ўдар”, – абураецца Gena Bu.
Каментатары таксама ўспаміналі кветкі на Старым мосце ў 2024 годзе – і з надзеяй, што на Савецкай будзе “так жа казачна”, і з шкадаваннем, што там яны закрываюць від на Нёман і замкі.
“З моста адкрываецца цудоўны від на Нёман, замак, Каложу, у парку – на Швейцарскую даліну. А ўсё захінаюць кветкі, якія выдатна глядзяцца на клумбах, дзе нічога не захінаюць. Кветкі ёсць у кожным горадзе, а такія пейзажы з архітэктурай і скульптурай, як у Гродне, гэта славутасць толькі нашага горада”, – заўважыла Марына.

Некаторыя каментатары прапануюць усё ж пачакаць, калі з’явяцца кветкі, і тады абмяркоўваць. Ёсць тыя, каму ідэя падабаецца.
“З кветкамі будзе прыгожа. Аркі знаходзяцца на вялікай адлегласці адна ад адной. І ніякага агляду засланяць не будуць”, – упэўнена Taya Cat.
“Расліны, што віюцца па арцы – будзе супер”, – мяркуе Vero Nika.
Мільён кветак для Гродна — пасля паездкі ў Кітай
У новым сезоне гарвыканкам вырашыў азеляняць Гродна з дапамогай мільёна кветак. Для гэтага спецыяльна мадэрнізавалі цяпліцы Гродназеленбуда. У горадзе ўсталююць новыя вертыкальныя канструкцыі, будзе шмат клумбаў.
На парэнчах Старога моста зноў размесцяць кветкі – супертуніі ружовага, белага, жоўтага і чырвонага колераў. Яны будуць ісці не суцэльнай паласой, а хвалямі. Так частка парэнчаў застанецца адкрытай і ў прасветы будзе відаць Нёман і замкі. Кветкі размяркуюць па адным колеры на «хвалю».
Зрабіць горад у прамым сэнсе больш квітнеючым гродзенскія чыноўнікі вырашылі пасля візіту ў Кітай — там іх уразіла колькасць кветак. Кветкавыя сцены з петуній у Гродне ў 2024 годзе рэалізавалі на агароджы парка Жылібера і на Старым мосце.
Чытайце таксама: У Гродне з’явяцца новыя клумбы — высаджваць кветкі будуць з дапамогай спецыяльнай машыны



