Польскае Міністэрства замежных спраў лічыць правакацыяй перадачу былога будынка Польскай Мацежы Школьнай у Гродне пад консульства Расійскай Федэрацыі. Але не плануе накіроўваць ноту пратэсту па гэтай справе.

«Гэта няўклюдная правакацыя. Аднак мы не плануем афіцыйнага пратэсту з гэтай нагоды», — цытуе польскае МЗС радыё RMF FM.

Консульства Расіі пачало працу па новым адрасе на вуліцы Гараднічанскай, 40 з 24 сакавіка. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 3 красавіка. Будынак паўстаў у 2011 годзе як сядзіба грамадскай арганізацыі Польска Мацеж Школьна. Яго пабудавалі за грошы з польскага бюджэту. Там працавалі польская грамадская школа, бібліятэка, клуб жанчын, універсітэт трэцяга ўзросту для сталых людзей ды іншыя адукацыйныя ініцыятывы польскай меншасці ў Беларусі.

На Польскую Мацеж Школьную ў межах рэпрэсій супраць нацыянальных меншасцяў у 2021 годзе наклалі вялізныя штрафы, а ў 2022 годзе арганізацыю ліквідаваў Вярхоўны суд Беларусі. Будынак канфіскавалі і ў 2023 прадалі з аўкцыёну. Ён доўга стаяў пусты, пакуль у сакавіку 2025 туды не пераехала консульства РФ.