Малюнак гродзенскага каралеўскага палаца, які быццам бы стварыў невядомы аўтар у XVIII стагоддзі, набыў вялікую папулярнасць. Яго выкарыстоўваюць на паштоўках, у кнігах і паўсюдна ў інтэрнэце. Аказваецца, усё гэта — непаразуменне. Выяву стварылі 31 год таму. 

Аўтарства гублялі нават у аўтарытэтных выданнях  

Згодна з «Вікіпедыяй», малюнак з выявай каралеўскага палаца стварыў невядомы аўтар у XVIII стагоддзі. 

Выява шырока тыражуецца праз друк на паштоўках, з’яўляецца малюнак і ў кніжных ды часопісных публікацыях. Напрыклад, выяву можна знайсці на старонках гістарычнага часопіса Arche як быццам рэдкую. Або ў афіцыйным выданні аб польскім горадзе Кракаве. Там пазначана: “аўтар невядомы”. 

Розніца ў 200 гадоў. Самая вядомая "гістарычная" выява Новага замка — насамрэч сучасная рэканструкцыя
Фрагмент з часопісу Arche

Экспануецца выява палаца і ў Новым замку з подпісам «каралеўскі палац у Гродне ў часы праўлення Аўгуста ІІІ». 

Розніца ў 200 гадоў. Самая вядомая "гістарычная" выява Новага замка — насамрэч сучасная рэканструкцыя
Малюнак гродзенскага каралеўскага палаца. Крыніца: meine-schweiz.ru

Гродзенскія краязнаўцы захоўвалі імя сапраўднага аўтара 

Аб тым, што насамрэч выява Новага замку была створана нашмат пазней, чым многія мяркуюць, расказалі аўтары Telegram-канала «Спадчына». Аказваецца, малюнак у 1994 годзе зрабіў гродзенскі мастак Чэслаў Рой. Арыгінал захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. 

«Ніякага пратографа не мае, створаны на аснове вядомых праектных чарцяжоў палаца. Такім чынам па Новым замку няма аніякай графікі акрамя праектаў, якія невядома ці былі рэалізаваны ў поўным аб’ёме. Трэба аддаць належнае майстэрству мастака, калі ніхто не заўважыў падвоху», — адзначаюць у «Спадчыне».

У каментарыях адзін з падпісчыкаў канала дадае, што акрамя праектаў усё ж ёсць выявы фасадаў, інтэр’ераў і планы памяшканняў з подпісам караля Аўгуста III, а таксама план і фасад часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Падпісчык мяркуе, што менавіта гэтыя рысункі і былі рэалізаваныя.

Журналіст Hrodna.life адшукаў пацвярджэнне таго, што сапраўдным аўтарам малюнка з’яўляецца Чэслаў Рой. У кнізе «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада» ёсць тая самая выява каралеўскага палаца з прозвішчам мастака — «Ч. Рой». 

Імя сапраўднага аўтара пазначае і гродзенскі краязнаўца Яўген Аснарэўскі. Ён узгадвае Чэслава Роя ў публікацыі “Новы замак у Гродне: гісторыя і пытанне рэканструкцыі”. 

Хто такі Чэслаў Рой?

Чэслаў Віктаравіч Рой нарадзіўся ў 1942 годзе. Акварэльны малюнак каралеўскага палаца ён стварыў у сярэдзіне 90-х гадоў, абапіраючыся на дакументы і апісанні замку, якія захаваліся. У 2000 годзе Чэслаў Рой атрымаў прэмію імя Дубко ў намінацыі “Музейны працоўнік года”. Памёр мастак у 2004 годзе.  

Чытайце таксама: Каложу будаваў продак Пушкіна? Дзіўную гістарычную легенду апублікавалі ў Расіі