Кніга «Удивительный Гродно» Яўгена Аснарэўскага выйшла ў мінскім выдавецтве «Рыфтур». Даведнік разлічаны і на турыстаў, і на даследчыкаў — туды ўключана інфармацыя пра маршруты, славутасці і страчаныя архітэктурныя помнікі Гродна. Выданне праілюстравана фотаздымкамі Сяргея Плыткевіча.
Гэта ўжо 15-я кніга Аснарэўскага, але першая выдадзеная як камерцыйнае выданне ў класічным выдавецтве з вялікім накладам.
«Выданне можа служыць як цалкам паўнавартасным краязнаўчым выданнем, прыдатным нават для напісання навуковых прац, так і чыста турыстычным „маяком“, які распавядае пра гасцініцы і іншыя карысныя для гасцей рэгіёну аб’екты», — адзначае аўтар.
Па словах Аснарэўскага, асаблівасцю кнігі сталі нідзе раней не апублікаваныя аўтарскія маршруты па Гродне. «Сярод якіх ёсць вельмі незвычайныя. Касцёлы, цэрквы, замкі, палацы, прыродныя аб’екты, шляхецкі і яўрэйскі Гродна», — распавядае краязнаўца.
Выданне дапоўнена здымкамі Сяргея Плыткевіча, гістарычнымі выявамі і рэканструкцыямі страчаных гродзенскіх помнікаў архітэктуры.
Дзе ў Гродне набыць кнігу Аснарэўскага?
Тыраж даведніка — 3000 экзэмпляраў. У Гродне набыць кнігу можна ў гісторыка-археалагічным музеі, сувенірнай краме ў ЦУМе, сувенірным кіёску каля сінагогі, а таксама ў крамах «Прафесійная кніга» (вул. Горкага, 91) і «Май-кнігі» (БЛК, 29А і вул. Гарнавых, 7). Неўзабаве кніга павінна з’явіцца і ў інтэрнэт-краме выдавецтва. Цана выдання — 24 рублі.
Чытайце таксама: Скандальны чалавек-містыфікацыя Аснарэўскі напісаў новую кнігу. Гэтым разам не толькі пра Гродна